Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская заклікала ЕЗ уводзіць новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, а не змякчаць цяперашнія

29.05.2023 15:44
Ціханоўская заявіла, што недапушчальна змякчаць санкцыі супраць «Беларуськалія» і транзіту калійных угнаенняў.
Святлана Ціханоўская Крыніца: ТГ-канал палітыка

Святлана Ціханоўская правяла перамовы з міністрам замежных спраў Партугаліі Жуанам Кравіньё. Галоўнай тэмай размовы сталі санкцыі супраць паставак беларускіх калійных угнаенняў, піша ТГ-канал «Позірк».

Як расказаў галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка, анлайн-гутарка доўжылася 40 хвілін. Ціханоўская заявіла, што недапушчальна змякчаць санкцыі супраць «Беларуськалія» і транзіту калійных угнаенняў.

«Гэта па сутнасці дэвальвуе ўсе намаганні Еўрапейскага звязу і перашкаджае еўрапейскаму адзінству», – цытуе Вячорка словы Ціханоўскай. Таксама беларускі палітык выступіла за ўвядзенне новых санкцый ЕЗ, але не ўзамен на змякчэнне старых.

Таксама падчас размовы абмяркоўвалася сітуацыя з пастаўкамі ўгнаенняў у краіны Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі, якія залежаць ад беларускага калію. Ціханоўская кажа, што ўжо ідзе пошук магчымасцяў дыверсіфікацыі.

эж