Беларуская Служба

АБСЕ можа разваліцца праз пазіцыю Беларусі і Расіі

29.05.2023 18:11
Прычына канфлікту – нежаданне Расіі і Беларусі ўхваліць старшынства Эстоніі ў 2024 годзе.
Ілюстрацыя Фота: Karolis Kavolelis/Shutterstock.com

Міністр замежных спраў Фінляндыі Пэка Хаавіста лічыць, што АБСЭ пагражае крызіс: арганізацыя можа распасціся да таго, як Фінляндыя зойме пасаду яе старшыні ў 2025 годзе. Прычына канфлікту – нежаданне Расіі і Беларусі ўхваліць старшынства Эстоніі ў 2024 годзе.

Згодна з правіламі АБСЭ, краіна-старшыня арганізацыі мае быць ухваленая ўсімі 57 дзяржавамі-чальцамі. Аднак Расея і Беларусь не ўхвалілі кандыдатуру Эстоніі на пасаду старшыні ў 2024 годзе, а Эстонія не гатовая адмовіцца ад сваёй кандыдатуры, піша фінскае выданне yle.fi, якое цытуе «Радыё Свабода».

Міністр замежных спраў Фінляндыі Пэка Хаавіста баіцца, што АБСЭ можа распасціся да таго, як Фінляндыя зойме пасаду старшыні ў 2025 годзе. Паводле яго, сітуацыя сур’ёзная.

«Калі ў 2024 годзе не будзе старшыні і не будзе кансэнсусу з гэтай нагоды, то наступны год стане годам разбурэння АБСЕ як арганізацыі», – адзначыў Хаавіста.

У лістападзе мінулага года Украіна заявіла, што будзе байкатаваць паседжанні Парламенцкай асамблеі АБСЕ, пакуль з яе не выключаць Расею. Заява Кіева прагучала на фоне паведамленняў аб тым, што Польшча не выдала расейскай дэлегацыі візы для ўдзелу ў сесіі асамблеі. Масква ў адказ заявіла, што ў арганізацыі баяцца нязручных выступаў падчас дыскусій.

У студзені генеральны сакратар АБСЕ Хельга Шмід адзначыла, што Расіі трэба заставацца ў шэрагах арганізацыі для захавання перамоўных каналаў.

эж