Беларуская Служба

Цапкала: Захворванне Лукашэнкі прагрэсуе, няма інструментаў, каб яго спыніць

04.06.2023 10:38
«Колькі часу можа гэта працягвацца, я сказаць не магу. Але мы разумеем, што ён ужо збіты лётчык».
 .
Аляксандр Лукашэнка.фота: Siarhei Liudkevich/ Shutterstock

У Аляксандра Лукашэнкі сур'ёзныя праблемы са здароўем, і дыягназ «вельмі складаны». Пра гэта ў інтэрвʼю галоўнаму рэдактару выдання «ГАРДОН» Алесі Бацман паведаміў беларускі апазіцыянер Валерый Цапкала.

«Дыягназ вельмі складаны. Я, слова гонару, не магу зараз паўтарыць. Я магу сказаць толькі, што гэта звязана з сардэчна-сасудзістай сістэмай. Вельмі сурʼёзнае захворванне. Яно невылечнае. І гэта захворванне прыводзіць да таго, што кровазліцці адбываюцца фактычна ва ўсіх органах. У тым ліку выяўляюцца і на целе», – сказаў ён.
Па словах апазіцыянера, хвароба Лукашэнкі можа лячыцца толькі гарманальнай тэрапіяй, але яна дапамагае толькі на пэўны час.

«Гэтае захворванне прагрэсуе. Сёння няма інструментаў, каб яго спыніць. Колькі па часе можа гэта працягвацца, я сказаць не магу. Мы разумеем, што на парадку дня стаіць пытанне транзіту ўлады, што бліжэйшае асяроддзе Лукашэнкі, а тым больш кіраўніцтва Крамля, выдатна разумее, чым гэта пагражае. Гэта набліжэнне смерці», – растлумачыў Цапкала.

Ён лічыць, што для Лукашэнкі і для ўсяго свету «сумнейшая гісторыя будзе, калі ён будзе сядзець і нічога не цяміць, будзе выдаваць сентэнцыі кшталту »я ўчора размаўляў са сваёй мамай«.

»Відавочна, што ў такім стане дыктатар дакладна не хоча, каб яго запомнілі. Для яго лепш было б памерці. Прадбачыць, калі гэта адбудзецца, немагчыма. Але гэта можа адбыцца на працягу бліжэйшых месяцаў, а можа, і тыдняў«, – мяркуе Цапала.

нг