Беларуская Служба

Беларускія ўлады працягваюць ствараць атмасферу пераследу і страху сярод прадстаўнікоў СМІ

05.06.2023 14:55
У справаздачы АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ гаворыцца пра крымінальны пераслед журналістаў, ціск на журналістаў і медыя ў Беларусі.
Ілюстрацыйны здымакObraz Markus Winkler z Pixabay/CC0

З пачатку 2023 году рэжым Лукашэнкі, як і раней, пераследваў незалежных журналістаў і медыя-рэсурсы. Многія медыя працягвалі сваю дзейнасць для беларускай аўдыторыі з-за мяжы.

На канец красавiка 33 медыя-работнікі знаходзіліся ў зняволенні. З пачатку года было вынесена 9 прысудаў па крымінальных справах - журналісты былі пакараныя абмежаваннем або пазбаўленнем волі на тэрміны да 12 гадоў. Новыя крымінальныя справы былі ўзбуджаныя ў дачыненні да 3 журналістаў.

Працягвалася шырокамаштабнае выкарыстанне антыэкстрэмісцкага заканадаўства як падставы для пераследу СМІ, журналістаў, блогераў і звычайных грамадзян за выказванні грамадска-палітычнага зместу. З пачатку года 16 медыяарганізацый былі прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі.

У інфапрасторы дзейнічала цэнзура, працягвалася скарачэнне незалежных крыніц інфармацыі ўнутры Беларусі.

Улады ажыццяўлялі захады па фармалізацыі і ідэалагізацыі дзейнасці дзяржаўных СМІ, адкрыта заяўляючы пра прыярытэт прапаганды і барацьбы з іншадумствам у іх дзейнасці ва ўмовах «гібрыднай вайны» «супраць Беларусі і Расіі».

Крыніца: БАЖ