У Мінскім гарадскім судзе 13 чэрвеня распачынаецца суд на праваабаронцай Настай Лойкай. Яе абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Падставай для крымінальнай справы стаў даклад «Пераслед анархістаў, антыфашыстаў, левых і сацыяльных актывістаў у Беларусі» (2017-жнівень 2018 года). У ім нібыта даецца крытычная ацэнка дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі. Праваабаронцы пагражае да 12 гадоў калоніі. Справу разглядае суддзя Алена Шылько, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае Вольга Дзіндзелевіч. Амаль напачатку судовага пасяджэння працэс зрабілі закрытым, таму падрабязнасці крымінальнай справы і пазіцыя Насты невядомыя, паведамляе «Вясна».
Насту Лойку ўпершыню затрымалі 6 верасня 2022 года. Пасля яе некалькі разоў перазатрымлівалі паводле адміністрацыйных артыкулаў. У кастрычніку Лойка выйшла на волю, але ў хуткім часе была затрыманая пасля ператрусу дома. На праўладных тэлеграм-каналах тады з'явілася «пакаяльнае відэа» з Настай, на якім яна «прызнаецца», што нібыта «атрымоўвала фінансаванне ад замежных арганізацый».
На Акрэсціна агулам яна правяла 60 сутак — ёй чатыры разы запар прызначалі 15 сутак арышту. На адным з адміністрацыйных судоў Наста распавяла пра катаванні.
У СІЗА № 1 Наста Лойка вучыць французскую і польскую мовы, шмат чытае. Як і да затрымання, працягвае есці толькі веганскую ежу. Вядома, што Наста за кратамі пакутуе ад праблемаў са страўнікам.
Летась Наста стала лаўрэаткай Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2022 год у намінацыі «Праваабаронца года».
17 снежня 2022 года Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў скаргу Насты Лойкі.
З заявамі з патрабаваннямі вызваліць Насту Лойку выступілі такія вядомыя міжнародныя праваабарончыя арганізацыі як Amnesty International, Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (партнёрства Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT) і Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH)).
аз