„Мы не можам цяпер казаць, калі адбудзецца прызнанне пашпарта дэмакратычнай Беларусі, сказаў у размове з „Еўрарадыё” прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Валер Кавалеўскі.
Паводле прадстаўніка АПК па замежных справах, кампанія па прызнанні дакумента фактычна ўжо ідзе. Мы ўжо гаворым пра гэта, пра гэта гавораць і дыяспары, і народныя амбасады. Калі мы зможам прадставіць фізічны ўзор, то гэта будзе задача для ўсіх беларусаў, якія жывуць у розных краінах ЕС, дадаў палітык:
- Найперш нам трэба зрабіць фізічныя ўзоры гэтых дакументаў. На вялікі жаль, гэта вельмі дарагі працэс. Але праблема амаль вырашаная. Пазней трэба будзе замаўляць неабходны матэрыял для вырабу гэтых узораў. Пасля таго, як яны будуць у нас на руках, мы зможам даслаць іх у Еўрапейскую камісію, якая, у сваю чаргу, прапануе краінам-сябрам ЕС разгледзець пытанне аб прызнанні гэтага дакумента.
Паводле прадстаўніка АПК, пашпарт можна чакаць найхутчэй на пачатку наступнага года. Пры гэтым вырашыць трэба шмат іншых пытанняў, пачынаючы ад коду для новага беларускага пашпарта і арганізацыі пашпартных цэнтраў.
„Мы пачынаем гэтую справу, мы разумеем, што яна высокарызыкоўная, што ёсць шмат чыннікаў, якія могуць дапамагчы, і яшчэ больш — якія могуць перашкодзіць. Але мы ведаем, што гэта тая справа, якую прасілі беларусы”, - сказаў Валер Кавалеўскі.
Нагадваем, удзельнікі апытання, праведзенага надоечы на платформе „Голас” выказалі намер атрымаць больш за 57 000 новых нацыянальных пашпартоў Беларусі.
аз