У Гродне звольнілі дырэктара гімназіі №1. Прычына ў тым, піша Hrodna.life, што шмат выпускнікоў гімназіі вырашылі паступаць за мяжу.
У жніўні гродзенскія школы наведвала камісія, якая мела на руках звесткі, колькі выпускнікоў у якой школе падалося на апастыль і, значыць, планавала выехаць з краіны для далейшага навучання за мяжой. Ледзь не палова гэтага спісу аказаліся выпускнікамі гімназіі № 1 імя акадэміка Я. Ф. Карскага. За гэта і пацярпеў дырэктар гімназіі Барыс Сяброўскі.
Ён узначальваў гімназію з 2009 года, а да таго яшчэ восем гадоў быў намеснікам дырэктара. На пасадзе дырэктара яго замяніла Алена Адамовіч. Дагэтуль яна была начальніцай аддзела адукацыі, спорту і турызму Кастрычніцкага раёна Гродна.
Паводле Hrodna.life, з пасадаў вырашылі зняць яшчэ некалькі дырэктараў школ. Акрамя таго, было звольнена з пасадаў больш за дзясятак завучаў па выхаваўчай рабоце, якія ў 2020 годзе паставілі свае подпісы «не за таго» кандыдата, піша выданне са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Адсачыць выпускнікоў, якія ставілі апастыль на атэстаты, загадалі Міністэрства адукацыі і Дэпартамент кантролю якасці адукацыі. Паведамляецца, нібыта ў мінскіх ВНУ некаторым выпускнікам, якія хацелі забраць дакументы, не аддавалі на рукі сертыфікаты цэнтралізаванага тэставання.
эж