Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская ў Нью-Ёрку: У беларусаў «адымаюць краіну», ім патрэбная падтрымка ўсяго свету

22.09.2023 08:45
Дэмлідарка пацвердзіла далейшыя намаганні па прызнанні на міжнародным узроўні «пашпарта новай Беларусі».
Святлана Ціханоўская twitter.com/Sviatlana Tsikhanouskaya

Беларусь «перажывае гуманітарны, палітычны і крызіс у галіне бяспекі», таму найлепшае месца для абмеркавання гэтай праблемы – «тыдзень высокага ўзроўню» на Генеральнай асамблеі ААН, сказала дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская 21 верасня ў Нью-Ёрку, паведамляе «Свабода».

Такую заяву Ціханоўская агучыла падчас дыскусіі «Пагроза незалежнасці Беларусі і міжнародны адказ» з удзелам міністраў замежных спраў Літвы, Славакіі і Ісландыі, міністра МЗС Германіі і іншых еўрапейскіх палітыкаў.

Паводле Святланы Ціханоўскай, у беларусаў «адымаюць краіну» – каб яе захаваць, «патрэбна падтрымка ўсяго свету».

Палітык падкрэсліла, што Расія «вядзе ціхую агрэсію» супраць Беларусі, выкарыстоўваючы «карумпаванага, залежнага, нелегітымнага Лукашэнку ў якасці правадніка сваіх інтарэсаў».

Крызіс у Беларусі «выходзіць за рамкі рэгіянальнай бяспекі, закранаючы міжнароднае права і Статут ААН, харчовую бяспеку, цэны на энерганосьбіты, а таксама рэжымы кантролю над узбраеннямі і нераспаўсюджвання», дадала Ціханоўская.

На яе думку, неабходна «выкарыстоўваць даступныя інструменты і механізмы для прыцягнення рэжыму да адказнасці і захавання незалежнасці Беларусі».

Дэмлідарка пацвердзіла далейшыя намаганні па прызнанні на міжнародным узроўні «пашпарта новай Беларусі».

«У гэтым пытанні мы б віталі больш практычную ролю Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, якая магла б ацаніць сітуацыю і распрацаваць рэкамендацыі для нацыянальных урадаў аб тым, як адстойваць правы беларусаў», – паведаміла дэмлідарка Беларусі.

аз

ААН выступіла з заявай з нагоды новых пашпартных абмежаванняў

21.09.2023 09:20
«Указ з'яўляецца часткай наўмыснай палітыкі пакарання беларусаў у выгнанні».