Польскія вытворцы паваранай солі настойваюць на тым, каб на гэты прадукт былі ўведзеныя нацыянальныя санкцыі. Пра гэта паведамляе «Money.pl».
У той час, як калійная соль з Беларусі застаецца пад еўрапейскімі санкцыямі, павараная і каменная соль надалей паступае да пакупнікоў у Цэнтральную і Усходнюю Еўропу, у тым ліку ў Польшчу. У 2022 годзе паваранай солі з Беларусі прадалі на рынку Еўразвязу амаль на € 10 млн, на год раней – на € 22 млн. Зніжэнне звязанае з коштамі і сыходам некаторых кліентаў.
І вось цяпер фонд «Польская соль», што яднае мясцовых вытворцаў солі, звярнуўся да міністра ўнутраных справаў і кіраўніцтва Мар’юша Каміньскага з просьбай ацаніць магчымасць увядзення санкцыяў – нацыянальных і/або еўрапейскіх – у дачыненні беларускай паваранай солі.
У прыватнасці, звяртаецца ўвага на тое, што супраць прадстаўнікоў кіраўніцтва «Мазырсолі» Генадзя Богдана і Алега Эйбатава ўжо ўвялі індывідуальныя санкцыі.
Палкоўнік Алег Эйбатаў быў камандзірам вайсковай часткі 1257 у Мазыры. У 2022 годзе ён трапіў пад санкцыі за суўдзел у ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны. У жніўні 2022 года ён звольніўся са службы і ўладкаваўся на «Мазырсоль» у якасці намесніка дырэктара ў пытаннях бяспекі, рэжыму і кадраў. Звычайна асобы на гэтых пасадах адказваюць за рэпрэсіі на прадпрыемстве.
Былы кіраўнік «Мазырсолі» Генадзь Богдан трапіў пад санкцыі ў 2020 годзе. У той час ён ужо працаваў намеснікам кіраўніка справамі Аляксандра Лукашэнкі.
Белсат
нг