Беларуская Служба

«Уломваліся ў пакоі, пераварочвалі ўсё дагары». Як затрымлівалі студэнтаў у Брэсце

07.12.2023 17:23
Паводле відавочцы гучнага затрымання ў студэнцкім інтэрнаце, сілавікі жорстка адрэагавалі на рост праўкраінскіх і антырасійскіх настрояў сярод студэнтаў.
Ілюстрацыйнае фотаscreenshot z Belsat.eu

Арцём (імя змененае) быў адным з тых, каго абшуквалі 1 снежня ў інтэрнаце Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя Пушкіна. Хлопец распавёў, як гэта адбывалася і чаму, на ягоную думку, сілавікі прыйшлі ў інтэрнат і ў галоўны корпус БрДУ:

– Яны відавочна шукалі кампрамат. Сярод студэнтаў ёсць меркаванне, што «пасуць» нават некалькіх выкладчыкаў – не ангажаваных, якія адрозніваюцца больш свабоднымі поглядамі, хоць такіх ва ўніверы засталося зусім няшмат. Увогуле, яны (супрацоўнікі КДБ і ГУБАЗіК – рэд.) з'явіліся спачатку ў галоўны корпус, там, наколькі я ведаю, затрымалі некалькі чалавек з фізмата, а потым, ужо бліжэй да вечара, наляцелі ў інтэрнат. І гэта быў сапраўдны трэш. Яны ўрываліся ў пакоі, патрабавалі ў нас тэлефоны, пераварочвалі ўсё дагары дном. У мяне нічога крамольнага не знайшлі, хоць сякая-такая перапіска ў тэлефоне была, але я звычайна выдаляю лішняе і наогул стараюся максімальна абараняць свае акаўнты. А чацвярых хлопцаў забралі ў ІЧУ, яны дагэтуль, наколькі я ведаю, там знаходзяцца. Ім, па расказах блізкіх сваякоў, шыюць «экстрэмізм».

Паводле слоў Арцёма, некаторыя студэнты ВНУ мелі зносіны паміж сабой у чаце, які быў створаны як альтэрнатыва афіцыйным каналам універсітэту. Сярод іншага абмяркоўвалі вайну ва Украіне, выказваліся, што яна незаконная, несправядлівая, Пуціна і Расію называлі агрэсарамі. Хтосьці, відаць, выдаў або вылічыў удзельнікаў чата.

– Наколькі мне вядома, там былі і хлопцы, і дзяўчаты. Мы ў групах, тым больш на занятках, стараемся пра палітыку не гаварыць. Таму што далёка не ўсе студэнты, тым больш выкладчыкі, гатовыя падтрымліваць гэтую дыскусію, а некаторыя, наадварот, на баку Пуціна і Лукашэнкі. Таму, каб нікога і нічога не правакаваць, студэнты з выразнай грамадзянскай пазіцыяй абмяркоўваюць гэта ў чатах. Але калі першапачаткова, дапусцім, год таму, такія чаты налічвалі максімум па 15-20 чалавек, то сёння ў іх ужо сотні, нават тысячы ўдзельнікаў. З гэтым, на мой погляд, можна звязваць цікавасць да нас з боку сілавікоў і іх лютую актыўнасць. – распавёў студэнт.

Як лічыць Арцём, ніякіх фатаграфій з нацысцкай сімволікай ніхто не выкладваў. Яны зʼявіліся ўжо ў дзень хапуна. Відаць, аўтарам гэтага «спектакля» трэба было паказаць, што ў БрДУ сфармавалася ледзь не нацысцкае логава, а студэнты «вельмі любяць Гітлера».

– Пуцін і ягоная гоп-кампанія ж таксама тлумачылі сваё ўварванне ва Украіну пошукам нацыстаў і неабходнасцю весці з імі непрымірымую барацьбу. Так што тут усё зразумела і знаёма. Абсалютна ясна, чый почырк, – з горкай іроніяй кажа суразмоўца.

Ён таксама не выключае, што праз нейкі час, хутчэй нават днямі, мы ўбачым чарговую порцыю «пакаяннага» відэа, якое прапагандысты з КДБ запішуць (альбо ўжо запісалі) з затрыманымі студэнтамі.

Паводле BGmedia/вх