Кіраўнікі нацыянальных алімпійскіх камітэтаў Літвы, Латвіі і Эстоніі звярнуліся да прэзідэнта Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Томаса Баха, выказаўшы свае неўхваленне і расчараванне рашэннем аб удзеле спартсменаў з РФ і Беларусі ў Алімпійскіх гульнях.
«Як толькі мы даведаліся пра гэтае рашэнне, мы пачалі перамовы з нацыянальнымі алімпійскімі камітэтамі краін Балтыі і Скандынавіі. Мы заўсёды дакладна заяўлялі аб сваёй падтрымцы Украіны і асуджалі ўдзел расіян і беларусаў у Алімпійскіх гульнях. Гэтая пазіцыя не змянілася. Мы расчараваныя гэтым рашэннем, заклікаем міжнародныя спартовыя федэрацыі адхіліць спартоўцаў з гэтых краін ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах і патрабуем як мага хутчэй прадставіць дакладную сістэму фільтрацыі расійскіх і беларускіх спартоўцаў, якія падтрымліваюць вайну», – заявіла старшыня літоўскага НАК Дайна Гудзіневічутэ.
У лісце на імя кіраўніка МАК алімпійскія камітэты краін Балтыі асудзілі гэтае рашэнне і запатрабавалі растлумачыць, як будзе працаваць сістэма вызначэння спартсменаў, якія падтрымліваюць ваенныя дзеянні і не дапушчаны да Алімпійскіх гульняў.
«Мы перакананыя, што гэтае рашэнне непрымальнае, пакуль ва Украіне ідзе вайна і мірныя жыхары пакутуюць ад ваенных злачынстваў, учыненых Расіяй і падтрымліваемых Беларуссю. У той жа час мы смуткуем па больш чым 350 украінскім спартоўцам, якія загінулі падчас уварвання. Мы таксама спрабуем падтрымаць тых, хто застаўся без важнай інфраструктуры, неабходнай для падрыхтоўкі да Алімпійскіх гульняў у Парыжы», – гаворыцца ў лісце.
«Мы заклікаем як мага хутчэй падаць нацыянальным алімпійскім камітэтам і шырокай грамадскасці тэхнічнае апісанне ці падрабязнае апісанне працэдуры, якая будзе выкарыстоўвацца для вызначэння адпаведнасці спартоўцаў крытэрам нейтральных спартоўцаў. Дастаткова аднаго інцыдэнту, каб ператварыць Алімпійскія гульні ў пляцоўку для вайны. Давайце зробім так, каб гэтага не адбылося», – заяўляюць аўтары.
8 снежня выканаўчы савет МАК прыняў рашэнне аб допуску да Алімпіяды індывідуальных спартсменаў з Беларусі і Расіі, якія прайшлі кваліфікацыю, у нейтральным статусе. Выкарыстанне сцягоў і гімнаў Беларусі і Расіі на Алімпіядзе забараняецца. Вядома, што кваліфікацыю для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў якасці індывідуальных нейтральных спартоўцаў прайшлі 11 чалавек – пяць беларусаў і шэсць расіян.
ав/reform.by