Беларуская Служба

Расія стварыла падстаўную авіякампанію, каб перавозіць нелегальных мігрантаў у Еўропу праз Мінск

22.12.2023 17:31
Улады Польшчы лічаць новы напрамак палётаў Southwind крокам да арганізацыі «новага спланаванага наплыву ўцекачоў праз Расію і Беларусь».
 Airbus A330-200   Southwind Airlines
Самалёт Airbus A330-200 турэцкай авіякампаніі Southwind Airlinescommons.wikimedia.org/Tugbay Arslan/CC BY-SA 4.0

Некалькі тыдняў таму з'явілася інфармацыя, што турэцкая кампанія Southwind Airlines будзе ажыццяўляць палёты з Турцыі ў Мінск.

Авіякампанія Southwind Airlines базуецца ў Антальі. Яе стварылі неўзабаве пасля пачатку вайны ва Украіне. Аднак усе яе тры самалёты і большая частка супрацоўнікаў – з расійскай авіякампаніі Nordwind Airlines, якая базуецца ў Маскве, паведамляе «Наша Ніва».

Nordwind належыць турфірме Pegas Touristik, уладальнікі якой – расіяне з турэцкімі каранямі.

Нядаўна ў Беларусі анансавалі, што з 23 снежня Southwind адкрывае прамыя рэйсы са Стамбула ў Мінск усяго за 195 еўра. Час у палёце – на дзве гадзіны меншы, чым у авіякампаніі Belavia, якая з-за санкцый не можа лятаць праз тэрыторыю краін ЕС.

Turkish Airlines раней адмяніла рэйсы ў Мінск пад ціскам Еўропы.

Паводле інфармацыі Bild, улады Польшчы лічаць новы напрамак палётаў Southwind крокам да арганізацыі «новага спланаванага наплыву ўцекачоў праз Расію і Беларусь».

Беларускія журналісты таксама адзначалі, што Southwind створаная для абыходу санкцый супраць Расіі.

У Варшаве ўпэўненыя, што Масква і Мінск актывізуюць «гібрыдную аперацыю» для пагаршэння міграцыйнага і, як следства, палітычнага крызісу ў заходніх краінах, асабліва ў Германіі.

вс