Кіраўнік дэпартаменту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун назваў карту паляка «пагрозаю нацыянальнай бяспецы» і заявіў, што атрымоўваць яе – недапушчальна, паведамляе «Белсат». У эфіры ОНТ Бягун адзначыў, што «дзяржава разумее ўсе рызыкі» і прымае захады, каб «мінімізаваць агулам жаданне грамадзянаў Беларусі атрымоўваць карту паляка».
Прадстаўнік МУС не ўдакладніў, як менавіта ўладальнікі карты паляка пагражаюць нацбяспецы Беларусі, аднак адзначыў, што такія асобы «даюць адпаведныя абавязанні, у тым ліку на вернасць народу і Рэспубліцы Польшчы, мусяць ведаць Канстытуцыю і выканаць шэраг фармальнасцяў».
«Для грамадзяніна Беларусі, гэта маё меркаванне, гэта недапушчальна», – сказаў міліцыянт.
Бягун сцвярджае, што карты паляка пачалі вяртаць «вельмі часта», у тым ліку дзяржслужбоўцы.
«Толькі за паўгода мы зафіксавалі больш за 100 выпадкаў, калі грамадзяне публічна звярнуліся, каб адмовіцца ад карты паляка
А Польшча таксама рэагуе са свайго боку. У іх у заканадаўстве няма механізму адмовы ад карты паляка. Мы накіроўваем адмысловыя дакументы і фіксуем гэтыя факты з боку нашых грамадзянаў. Такая невялікая дыпламатычная вайна», – апавёў прадстаўнік МУС.
Карта паляка – пасведчанне для замежнікаў польскага паходжання. Яна дае права на доўгатэрміновую нацыянальную візу, права працаваць у Польшчы, атрымліваць бясплатную адукацыю, мець зніжкі на транспарт і іншыя правы не грамадзянскага характару.
Раней паведамлялася пра факты ціску беларускіх уладаў на грамадзянаў з картаю паляка. Напрыклад, прымушалі наўпрост на мяжы пісаць заявы на імя консула з адмоваю ад гэтага дакументу, работнікам прадпрыемства «Горадня Азот» пагражалі звальненнем за адмову ануляваць карту, у адным з райцэнтраў лекару давялося сысці з працы праз патрабаванне адмовіцца ад карты.
У МЗС Польшчы выказвалі «рашучы пратэст» і заяўлялі, што ціску на палякаў у Беларусі, а таксама на ўладальнікаў карт паляка, «няма апраўдання».
яс