Беларуская Служба

Польшча спыніла прыём дакументаў на візу Poland Business Harbour

26.01.2024 11:02
Віза РВН выдавалася тэрмінам на 1 год і давала права на працаўладкаванне ў Польшчы без неабходнасці папярэдняга атрымання дазволу на працу.
Беларускі пашпартфота: Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net/нг

Польшча закрыла прыём дакументаў на візы Poland Business Harbour (PBH) і, хутчэй за ўсё, не будзе яго ўзнаўляць. «Праграма РВН закрытая», – адказалі парталу devby у пасольстве Польшчы ў Мінску. Заявы, якія былі пададзеныя да 26 студзеня, будуць разгледжаныя.

У дыппрадстаўніцтве Польшчы паведамілі, што рэкамендуюць падаваць дакументы на звычайную працоўную візу, зробленую па запрашэнні.

З 2020 года па верасень 2023 год афіцыйная Варшава выдала 93 тыс. 512 віз РВН, з іх амаль што 95% (88 тыс. 529) атрымалі грамадзяне Беларусі.

У 2023 годзе колькасць выдадзеных віз РВН паступова зніжалася. Гэта было звязана, у прыватнасці, з так званым «візавым скандалам» у Польшчы, датычным нелегальнай выдачы віз. Пасля гэтага грамадзян, якія падавалі дакументы на візу РВН, пачалі правяраць больш дакладна, у выніку чаго павялічылася таксама колькасць адмоў.

Віза РВН выдавалася тэрмінам на 1 год і давала права на працаўладкаванне ў Польшчы без неабходнасці папярэдняга атрымання дазволу на працу, заснаванне і ажыццяўленне гаспадарчай дзейнасці на такіх жа ўмовах як для грамадзян Польшчы. Праграма была накіраваная для супрацоўнікаў ІТ-галіны і іх сем’яў.

вс