Беларуская Служба

МЗС Польшчы: Праграма Poland. Business Harbour не апраўдала надзей

26.01.2024 15:19
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі прыняў рашэнне аб прыпыненні ўдзелу МЗС Польшчы ў праграме Poland. Business Harbour.
Аўдыё

Прыпыненне працягнецца да моманту, калі будуць знойдзеныя рашэнні, якія гарантуюць адпаведную верыфікацыю фірмаў і замежнікаў, якія ўдзельнічаюць у праграме.

У ацэнцы МЗС Польшчы праграма PBH не апраўдала ўскладзеных на яе спадзяванняў.

«У грамадскай прасторы выказваліся пярэчанні наконт выкарыстання віз, выдадзеных у рамках Праграмы, для мэт, якія не адпавядаюць яе задачам»,гаворыцца ў заяве МЗС.

Таксама ў міністэрстве адзначылі, што на дадзены момант у прадстаўнікоў ІТ-супольнасці і бізнесу ёсць магчымасць атрымаць працоўныя візы на агульных падставах.

Праграма Poland. Business Harbour была створана ў верасні 2020 года для прыцягнення ў Польшчу IT-спецыялістаў і IT-кампаній з Беларусі, а затым была распаўсюджана на такія краіны, як Грузія, Расія, Украіна, Малдова і Арменія.  Прынцыпы працы Праграмы вызначалі яе аператары: Канцылярыя прэм'ер-міністра, Польскае агенцтва інвестыцый і гандлю і Міністэрства развіцця і тэхналогій.

З 2020 года па верасень 2023 год афіцыйная Варшава выдала 93 тыс. 512 віз РВН, з іх амаль што 95% (88 тыс. 529) атрымалі грамадзяне Беларусі.

У 2023 годзе колькасць выдадзеных віз РВН паступова зніжалася. Гэта было звязана, у прыватнасці, з так званым «візавым скандалам» у Польшчы, датычным нелегальнай выдачы віз. Пасля гэтага грамадзян, якія падавалі дакументы на візу РВН, пачалі правяраць больш дакладна, у выніку чаго павялічылася таксама колькасць адмоў.

Віза РВН выдавалася тэрмінам на 1 год і давала права на працаўладкаванне ў Польшчы без неабходнасці папярэдняга атрымання дазволу на працу, заснаванне і ажыццяўленне гаспадарчай дзейнасці на такіх жа ўмовах як для грамадзян Польшчы. Праграма была накіраваная для супрацоўнікаў ІТ-галіны і іх сем’яў.

вх