Беларуская Служба

Беларускаму кіроўцу, які збіў веласіпедыстку на пешаходным пераходзе ў Польшчы, далі 6,5 гадоў турмы

10.02.2024 08:30
Вынесенае пакаранне мякчэйшае, чым прасіла абвінавачанне: пракурор прасіў 7,5 гадоў турмы.
ІлюстрацыяInactive_account_ID_249/pixabay.com/CC0 Public Domain

Раённы суд Познані вынес прысуд беларусу Аляксандру С., які год таму насмерць збіў веласіпедыстку на пешаходным пераходзе. Яму прысудзілі 6,5 года турмы, а таксама вынеслі пажыццёвую забарону на кіраванне аўтамабілем. Таксама суд абавязаў беларуса выплаціць 30 тысяч злотых кампенсацыі сваякам ахвяры і яшчэ 5 тысяч злотых – у фонд дапамогі ахвярам ДТЗ.

Вынесенае пакаранне мякчэйшае, чым прасіла абвінавачанне: пракурор прасіў 7,5 гoдa турмы, нагадвае mostmedia.io. Суд палічыў беларуса вінаватым у ненаўмысным здзяйсненні ДТЗ са смяротным зыходам і кіраванні транспартным сродкам у стане наркатычнага ап'янення.

Нагадаем, трагедыя адбылася 9 лютага 2023 года ў Познані. 27-гадовая веласіпедыстка пераязджала дарогу, карыстаючыся спецыяльнай зонай для веласіпедыстаў. У яе ўрэзаўся аўтамабіль -таксі Uber, за рулём якога знаходзіўся 35-гадовы грамадзянін Беларусі.

Дзяўчыну рэанімавалі, але выратаваць яе не ўдалося. Экспертыза выявіла, што ў момант ДТЗ мужчына знаходзіўся пад уздзеяннем марыхуаны. Пры гэтым хуткасць аўтамабіля была вышэйшай, чым патрабавалі ўмовы надворʼя і час сутак.

У судзе Аляксандр паясняў, што працаваў таксістам незадоўга да трагедыі і яшчэ не вывучыў горад, таму перамяшчаўся з дапамогай навігатара і не ведаў, у якім месцы пешаходы і веласіпедысты пераходзяць дарогу. А на вуліцы Дамброўскага, дзе здарылася смяротнае ДТЗ, зусім быў упершыню.

Суд над беларусам доўжыўся са снежня.

аз