Беларускія палітычныя дзеячы рэагуюць на смерць апазіцыйнага палітыка, асабістага ворага Уладзіміра Пуціна – Аляксея Навальнага ў расійскай калоніі.
Старшыня Пераходнага Кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская так напісала аб смерці Навальнага:
«Сёння ў сеціве з'явіліся навіны пра смерць Аляксея Навальнага ў расійскай калоніі. Гэтая смерць – чарговы доказ, што для дыктатараў чалавечае жыццё не мае ніякай каштоўнасці. Рэжым Пуціна, як і рэжым Лукашэнкі, у імкненні захаваць уладу пазбаўляецца ад апанентаў любымі спосабамі.
У Беларусі зараз дзясяткі палітвязняў знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада – жыцці Мікалая Статкевіча, Машы Калеснікавай, майго мужа Сяргея і іншых зараз знаходзяцца пад прамой пагрозай. Вітольд Ашурак, Вадзім Храсько, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч ужо памерлі ў зняволенні. А яшчэ сотні людзей утрымліваюцца ў нечалавечых умовах і без усялякай дапамогі.
Аляксея, як і многіх беларускіх палітвязняў, неаднаразова адпраўлялі ў ШІЗА. У лютым гэта зрабілі ў 27-ы раз. Мы ўсе бачылі на фота, як такія ўмовы ўтрымання адбіліся на яго стане. Менавіта таму ў мяне няма сумневаў у тым, што Навальнага мэтанакіравана забіў пуцінскі рэжым.
Я выдатна разумею, як ад гэтай навіны сціскаецца сэрца ўсіх, чые блізкія зараз знаходзяцца ў турме. Юлія Навальная і іх з Аляксеем дзеці сёння атрымалі самую страшную навіну, якой мы баімся атрымаць аб тысячах нашых каханых. Я выказваю шчырыя спачуванні сямʼі, блізкім і калегам Аляксея Навальнага. Маё сэрца сёння з вамі».
Смерць расійскага апазіцыйнага палітыка пракаментаваў таксама палітык, дыпламат, кіраўнік НАУ, намеснік кіраўніка Абʼяднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Павел Латушка:
«Смерць Навальнага. Не першае і не апошняе забойства палітычнага зняволенага, чалавечая трагедыя. Чаму гэта адбываецца? Першапрычына – рэжым, які дзейнічае ў Расіі. Які пачаў вайну. Які знішчае палітычных апанентаў.
Гэтая трагедыя – чарговы сігнал, што задачай усяго цывілізаванага свету зʼяўляецца ліквідацыя такіх рэжымаў. Калі дэмакратычны свет не дасць жорсткага і прынцыповага адказу на смерць Навальнага, дыктатары адчуюць беспакаранасць...
У Беларусі тысячы палітвязняў!
У выпадку, калі свет не дасць жорсткага і прынцыповага адказу на смерць Аляксея Навальнага, гэта развяжа рукі як Пуціну, так і Лукашэнку для павольнага забойства палітычных апанентаў у турмах.
Што можа зрабіць дэмакратычны свет? Прыцягнуць да крымінальнай адказнасці дыктатараў і ўвесці руйнуючыя санкцыі ў дачыненні да рэжымаў у Беларусі і Расіі».
Пераходны Кабінет Беларусі
нг