У зняволенні на 64-м годзе жыцця памёр былы сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), грамадскі актывіст і журналіст Ігар Леднік. Гэта пятая смерць палітвязня за кратамі, пра якую дакладна вядома, паведаміла «Свабода».
Прычынай смерці Ігара Ледніка называюць спыненне сэрца. Медыкі спрабавалі яго рэанімаваць, аднак беспаспяхова. Ігар Леднік памёр у Мінскай раённай лякарні, куды яго даставілі з Бабруйскай калоніі, дзе адбываў тэрмін, напісала @BSDP_Hramada.
Ігара Ледніка затрымалі 12 красавіка 2022 года і асудзілі на 3 гады зняволення паводле арт. 367 за нібыта паклёп на Лукашэнку ў ягонай публікацыі ў партыйным часопісе БСДП «Пазіцыя».
У турме стан яго здароўя істотна пагоршыўся, яму зрабілі аперацыю на страўнікава-кішачным тракце. Апроч гэтага, Ігар меў інваліднасць 2-й групы з прычыны праблем з сэрцам.
Профіль Ігара Ледніка ў «Фэйсбуку» ўлады прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Як пішуць аднапартыйцы, Ігар Леднік актыўна выступаў за ліквідацыю «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расіі і лічыў, што Будапешцкі мемарандум быў парушаны ў Беларусі пасля разгону Вярхоўнага Савету 13-га склікання, што прывяло да ўсталявання ў Беларусі дыктатуры, збліжэння яе з Расіяй і падрыву еўрапейскай бяспекі ў рэгіёне.
У калоніях раней памерлі беларускія палітвязні Вітольд Ашурак, Вадзім Храсько, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч.
аз