Беларуская Служба

Эксперты ААН заклікалі ўлады Беларусі разгледзець пытанне пра памілаванне анкахворага Кастусёва

27.02.2024 11:35
Нягледзячы на пагаршэнне стану здароўя палітвязня неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар і памяшканне камернага тыпу.
 , 2020
Рыгор Кастусёў, 2020 год screen/YouTube

Эксперты ААН па правах чалавека заклікалі беларускія ўлады разгледзець пытанне пра замену турэмнага зняволення альтэрнатыўнай формай пазбаўлення волі, змякчэнне пакарання або памілаванне 66-гадовага палітвязня, старшыні ліквідаванай уладамі Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, паведамляе «Позірк».

У адпаведнай заяве эксперты выказалі занепакоенасць у сувязі з паведамленнямі пра крытычны стан здароўя і жорсткае абыходжанне ў зняволенні з Кастусёвым, які пакутуе ад анкалагічнага захворвання.
Нягледзячы на пагаршэнне стану здароўя, адзначана ў заяве, палітвязня неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар і памяшканне камернага тыпу.

Кастусёў, звярнулі ўвагу эксперты, быў пазбаўлены магчымасці абскардзіць гэтыя дзеянні праз «адсутнасць эфектыўных сродкаў прававой абароны».

Зяць палітвязня Дзмітрый Антончык паведаміў 17 лютага, што Кастусёў знаходзіцца ў турме № 1 у Гродне і скардзіцца на здароўе ды ўмовы ўтрымання.

15 студзеня суд Івацэвіцкага раёна пастанавіў замяніць Кастусёву рэжым утрымання на турэмны. Летась у лістападзе Антончык паведамляў, што мужчына знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу, у чэрвені і ліпені палітыка сама меней чатыры разы адпраўлялі ў штрафны ізалятар на 10 сутак. Яго пазбавілі спатканняў са сваякамі, у яго адабралі асабістыя запісы і кантакты для перапіскі.

Рыгор Кастусёў знаходзіцца ў няволі з 12 красавіка 2021 года. 5 верасня 2022 года Мінскі абласны суд (суддзя Уладзімір Арэшка) прыгаварыў палітыка да 10 гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам) у рамках палітычна матываванай «справы змоўшчыкаў». Кастусёў віну не прызнаў.

29 лістапада 2022 года Вярхоўны суд адхіліў яго скаргу і пакінуў вырак у сіле.

9 снежня 2022 года МУС унесла палітвязня ў пералік асоб, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

14 жніўня 2023 года Вярхоўны суд ліквідаваў Партыю БНФ. Палітычная структура, пазбаўленая рэгістрацыі ў Беларусі, працягвае існаваць, яе суб’ектнасць прызнаецца на міжнародным узроўні.

аз

Жазэп Барэль: У новых беларускіх дэпутатаў няма легітымнасці

27.02.2024 09:00
У Еўрасаюзе асудзілі працэс выбараў у Беларусі, назваўшы яго непразрыстым.