Беларуская Служба

Грамадзян Індыі падманам адправілі на вайну ва Украіне праз Беларусь

06.03.2024 14:52
Мужчынам сказалі, што альтэрнатывай вайсковай службе на расійскім баку з'яўляецца 10-гадовае зняволенне.
.
Ілюстрацыя.Фота: Shutterstock

Сем грамадзян Індыі, якія прыехалі ў Расію ў якасці турыстаў у снежні 2023 года, падманам былі прымушаныя незаконна перайсці мяжу з Беларуссю; затым іх затрымалі і адправілі на вайну ва Украіну, паведаміла «Настоящее время».

Пра гэты інцыдэнт першай распавяла журналістка індыйскага тэлеканала NDTV Ума Судгір, якая распаўсюдзіла на платформе X запіс звароту грамадзян Індыі, супрацьпраўна прызваных у расійскае войска.

Калі індыйцы прыехалі ў Расію, адна з кампаній, якая прадстаўляла сябе турфірмай, прапанавала ім дадатковую паездку ў Беларусь. Турысты пагадзіліся і прыехалі ў гэтую краіну, але не ведалі, што зрабілі гэта нелегальна, бо ў іх не было неабходных віз. «Прадстаўнік (меркавана) турагенцтва чакаў ад нас (у гэтай сітуацыі) грошай, а потым знік», – паведаміў адзін з грамадзян Індыі.

У Беларусі мужчын затрымала міліцыя, а потым дэпартавала ў Расію. Там іх прымусілі падпісаць дакументы на расійскай мове, якой яны не ведалі. Пазней турыстаў адправілі на 15-дзённыя вайсковыя зборы, якія заканчваюцца прызывам у войска. Як паведамляюць індыйскія СМІ, пасля гэтыя людзі былі адпраўленыя ў «месца, дзе ідзе вайна», гэта значыць ва Украіну.

Паводле паведамленняў NDTV, мужчынам сказалі, што альтэрнатывай вайсковай службе на расійскім баку з'яўляецца 10-гадовае зняволенне.

Свабода

нг