Беларуская Служба

У Карэліі ФСБ забіла беларуса. Яго западозрылі ў падрыхтоўцы дыверсіі

07.03.2024 13:04
49-гадовы Мікалай Аляксееў загінуў 6 сакавіка ў Аланецкім раёне Рэспублікі Карэлія (Расія). Аляксееў — актывіст з Беларусі, удзельнік пратэстаў 2020 года. Па афіцыйнай версіі, ён рыхтаваў дыверсію і адстрэльваўся ад сілавікоў.
 .
Мікалай Аляксееў.Фота з адкрытых крыніц.

Паводле інфармацыі расійскіх сілавікоў, напярэдадні Аляксеева высачылі каля суседняй вёскі, дзе ён хаваў выбухоўку. А калі яго прыйшлі арыштоўваць, аказаў супраціў і быў забіты. ФСБ называе яго членам «Палка Каліноўскага» і заяўляе, што Аляксееў збіраўся закласці выбухоўку ў будынку адміністрацыі Аланецкага раёна Карэліі.

Мікалай Аляксееў актыўна выступаў супраць Лукашэнкі, публікаваў фатаграфіі з пратэстаў у 2020 годзе, размяшчаў у сацыяльных сетках пасты аб парушэннях правоў чалавека ў краіне. Па інфармацыі расійскіх сілавікоў, у 2022 у Беларусі яго абвесцілі ў вышук за «абразу Лукашэнкі».

Вось, напрыклад, публікацыя актывіста ад 25 чэрвеня 2021 года:

    «Тое, што адбываецца зараз у маёй краіне, называецца адным словам — генацыд. Гэта генацыд нашага народа. Нахабная беспардонная хунта на чале з самазванцам сілай захапіла ўладу.

Вось ужо амаль год народ Беларусі вядзе супраць іх барацьбу. У многіх апускаюцца рукі, хтосьці яшчэ не да канца ўсвядоміў, што рэпрэсіі закрануць усіх без выключэння», — пісаў тады Мікалай.

На аватарцы ў Аляксеева стаялі беларуская Пагоня і ўкраінскі Трызуб.

Мяркуючы па старонцы «Укантакце», Мікалаю Аляксееву 49 гадоў. На аватарцы стаіць Пагоня, сярод апошніх ілюстрацый свечка ў памяць пра Аляксея Навальнага, а таксама здымкі з беларускіх пратэстаў-2020.

Аляксееў вучыўся ў школе ў Віцебску, там жа скончыў ПТВ, а пасля паступіў у Беларускі педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Там вучыўся на факультэце рускай філалогіі.

У анкеце пазначана чацвёра дзяцей. Старэйшы сын ужо дарослы, малодшаму 7 гадоў.

Выглядае, што да падзей 2020 года Аляксееў працаваў трэнерам па ёзе.

Пасля актыўна ўключыўся ў пратэсную дзейнасць.

«Ганаруся сваёй краінай! Ганаруся людзьмі! Найлепшыя моманты не ўвайшлі ў кадр — не да таго было. Нас сёння было каля 300 тысяч! Толькі ў Мінску! І хай гэта яшчэ не канчатковая перамога, але мы пераможам! Галоўнае не здавацца!!!! І не забываць, што мы — НАРОД!!!!», — напісаў Мікалай 16 жніўня 2020 года.

Светапоглядам Аляксеева пазначаны лозунг «За свабодную Беларусь».

nashaniva.com/вх