У дакуменце адзначаецца, што спецслужбы «назіраюць» за літоўскімі дыпламатамі, збіраюць інфармацыю аб іх «узаемаадносінах, звычках і пра ўсё, што можа іх скампраметаваць».
«Сабраная інфармацыя або адміністрацыйныя меры выкарыстоўваюцца для запалохвання супрацоўнікаў, – сцвярджаюць складальнікі дакладу. – Ажыццяўляючы падобную дзейнасць, беларускія спецслужбы імкнуцца завербаваць супрацоўнікаў літоўскай дыпламатычнай місіі і прымусіць іх дзейнічаць насуперак інтарэсам нацыянальнай бяспекі Літвы».
Акрамя гэтага, як заяўляецца, беларускія спецслужбы «інтэнсіўна праводзяць допыты людзей, якія выязджаюць з Літвы ў Беларусь», і «збіраюць інфармацыю для сваёй дзейнасці супраць Літвы».
«Пік гэтых допытаў прыйшоўся на 2023 год, і хоць іх асноўнай мэтай нібыта з’яўляецца прадухіленне пагроз беларускаму рэжыму, яны таксама выкарыстоўваюцца для збору разведданых і выяўлення асоб, патэнцыйна датычных да разведвальнай дзейнасці ў Літве. Супрацоўнікі беларускай выведкі правяраюць мабільныя прылады і персанальныя кампутары асоб, якія жадаюць уехаць у Беларусь, правяраюць іх спісы кантактаў, акаўнты ў сацыяльных сетках і фатаграфіі на наяўнасць любой адпаведнай інфармацыі», – падкрэсліваюць аўтары дакладу.
На іх думку, спецслужбы Беларусі «спрабуюць выявіць цяперашніх і былых супрацоўнікаў дзяржаўных і муніцыпальных устаноў, судовай сістэмы, праваахоўных органаў і Узброеных сіл Літвы, а таксама бізнесменаў, супрацоўнікаў стратэгічных кампаній, журналістаў і асоб, якія маюць дачыненне да незаконнай дзейнасці».
«Беларускія разведвальныя службы імкнуцца завербаваць асоб, якія патэнцыйна могуць падаваць адпаведныя разведвальныя звесткі або выконваць іншыя задачы, – гаворыцца ў дакуменце. – Супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў могуць выкарыстоўваць псіхалагічны ціск і шантаж, каб прымусіць асобных асоб да супрацоўніцтва на падставе розных дарожна-транспартных здарэнняў, парушэнняў закона, візавых правілаў або працэдур перасячэння мяжы».
Як паведамляецца, у другой палове 2023 года некалькі грамадзян Літвы былі затрыманыя на радзіме па падазрэнні ў супрацоўніцтве з беларускімі спецслужбамі, яны абвінавачваюцца ў «шпіянажы». Мяркуецца, што затрыманыя «амаль напэўна выконвалі заданні беларускай выведкі, збіралі і перадавалі інфармацыю за ўзнагароджанне».
«Ні адна з разгляданых асоб не мела допуску да працы з сакрэтнай інфармацыяй, не працавала з такой інфармацыяй і не мела магчымасці яе сабраць, – падкрэсліваецца ў дакладзе. – Хоць інфармацыя аб крытычна важнай інфраструктуры краіны і вайсковых аб’ектах, якую збіралі і перадавалі гэтыя асобы, не была засакрэчаная, гэтыя непублічныя звесткі маглі быць выкарыстаныя недэмакратычным рэжымам Беларусі для планавання дзеянняў супраць Літвы».
pozirk.online/вх