Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка правёў аналогію падзей, якія адбываюцца ў Беларусі, з вайной ва Украіне. «Ці трэба супраціўляцца агрэсару, ці трэба яго караць за агрэсію? Ці трэба скласці зброю, капітуляваць і заплюшчыць вочы на ўсё, што ён ужо нарабіў, каб не правакаваць яго на яшчэ большую агрэсію?
Што трэба было рабіць Украіне, калі Расія пры ўдзеле рэжыму Лукашэнкі развязала супраць яе поўнамаштабную вайну? Што трэба было рабіць Украіне, каб не «справакаваць» Расію? І што Украіне трэба рабіць зараз? Можа быць, здацца, капітуляваць, здаць свае тэрыторыі?
А што рабіць партнёрам Украіны, пра што Украіне трэба іх прасіць? Можа быць, ім трэба сказаць: ну добра, Расія, мы перастаём дапамагаць Украіне, здымаем з цябе ўсе санкцыі і заадно прызнаем, што акупаваныя табой тэрыторыі афіцыйна становяцца тваёй часткай – таму што мы не хочам цябе далей правакаваць. Так?» – задае пытанні палітык.
Павел Латушка кажа, што «ў 2020-м годзе Лукашэнка напаў на беларусаў, якія не хочуць жыць пад яго дыктатурай (гэтак жа, як украінцы не хочуць жыць пад расейскай акупацыяй). Гэты напад у выглядзе масавых штодзённых рэпрэсій, якія ўжо неаднаразова былі названыя, якія носяць прыкметы і падпадаюць пад злачынствы супраць чалавечнасці ў розных міжнародных дакументах, працягваецца дагэтуль».
Лукашэнка забяспечыў напад Расіі на Украіну з тэрыторыі Беларусі, і такім чынам здзейсніў акт агрэсіі адносна Украіны. І гэта злачынства працягваецца. Таксама Лукашэнка арганізуе незаконныя перамяшчэнні і дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый, што з'яўляецца ваенным злачынствам.
І што ж у гэтых умовах прапануюць нам прыхільнікі падыходу «не правакаваць агрэсараў»? Я адкажу, што яны прапануюць – змірыцца, бяздзейнічаць і здацца. Здаць Украіну Пуціну. І здаць Беларусь Лукашэнку. Што ў канчатковым выніку азначае таксама здаць Беларусь яго гаспадару – Пуціну. Гэта значыць замест «быць», яны прапануюць «не быць», – кажа Павел Латушка.
Нагадаем, кіраўнік беларускага праекту Chatham House Рыгор Астапеня ў выпуску ютуб-канала «Гадзіннічак цікае» паразважаў пра тое, наколькі апазіцыя ў эміграцыі можа ўплываць на падзеі ў Беларусі.
На погляд Рыгора Астапені, абʼектыўная задача, якая стаіць перад дэмакратычнымі сіламі, – «каб Беларусь выйшла з беспрасветнай сракі», то бок вызваленне палітзняволеных.
«Я не думаю, што ў нас ёсць абменны фонд вязняў. Але ёсць санкцыйны фонд, які можна спрабаваць нейкім чынам мяняць. Ёсць набор дзеянняў для таго, каб не павялічваць рэпрэсіі».
Аналітык лічыць, што значная частка рэпрэсій праходзіць па фармальных прычынах. Ёсць частка людзей, якія не трапілі ў фармальныя спісы, і абсалютна спакойна праходзіць міма рэпрэсій.
«Таму вельмі важна ўлічваць, якім чынам і да чаго прыводзяць нашы дзеянні, спробы нібыта эскаліраваць нейкія рэчы ўнутры Беларусі. За гэта трэба несці нейкую адказнасць, калі гэта нікуды не вядзе».
Паводле nashaniva.com/вх