Аксана Пачобут паведаміла ў чацвер, што не ведае, што адбываецца з яе мужам – зняволеным журналістам і актывістам польскай меншасці ў Беларусі Анджэем Пачобутам. Яна не атрымлівала ад яго лістоў з 26 лютага.
«Раней, калі не было лістоў з турмы, я перажывала, што муж сядзіць у карцары. Цяпер, пасля таго, як за кратамі адбыліся выпадкі смерці зняволеных, я заўсёды спадзяюся, што гэта проста карцар», – напісала Аксана Пачобут у Фэйсбуку.
Яна дадала, што 28 лютага яе муж павінен быў скончыць адбыццё пакарання ў ПКТ, гэта значыць спецыяльнай камеры, якую называюць «турмой у турме». «З 26 лютага ад яго не было лістоў, таму я сапраўды не ведаю, што з ім адбываецца», – напісала жонка журналіста.
Рэжымны прысуд Анджэю Пачобуту
Прысуд Анджэю Пачобуту да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму 8 лютага 2023 года абвясціў суддзя Гродзенскага раённага суда Дзмітрый Бубенчык. Журналіста накіравалі ў наваполацкую калонію, якая лічыцца адной з найгоршых турмаў Беларусі.
Пачобут быў арыштаваны 25 сакавіка 2021 года і з таго часу знаходзіцца за кратамі. На працэсе, які доўжыўся з 16 студзеня 2023 года, улады абвінавацілі Пачобута ў «распальванні нацыянальнай варожасці», а яго дзеянні ў культываванні польскасці і публікацыях у СМІ, нібыта змяшчалі прыкметы «рэабілітацыі нацызму».
Пачобута таксама абвінавацілі ў закліках да дзеянняў на шкоду Беларусі. Летась Вярхоўны суд адхіліў скаргу журналіста і пакінуў прысуд без зменаў.
Праваабарончыя арганізацыі лічаць Пачобута палітвязнем. Польскія ўлады патрабуюць вызвалення Пачобута і зняцця з яго палітычна матываваных ілжывых абвінавачванняў.
Паводле даступнай інфармацыі, яшчэ да суда Пачобут адмовіўся пагадзіцца на пастаўленую ўладамі ўмову пакінуць Беларусь у абмен на вызваленне.
яс