«Гэта важны прэцэдэнт, які створыць магчымасць рабіць падобнае і ў іншых рэгіёнах Швецыі», – гаворыць сябра Рады Асацыяцыі беларусаў Швецыі, прадстаўнік Народных Амбасадаў Беларусі ў Швецыі Зміцер Васэрман.
Гаворка пра тое, што ў сталіцы Швецыі днямі распачала працу першая школьная група па вывучэнню беларускай мовы. Праграма для яе была адмыслова створаная муніцыпальнымі школамі гораду пры ініцыятыве Асацыяцыі беларусаў Швецыі.
«Прарыўным з'яўляецца тое, што гаворка не ідзе пра дадатковыя факультатыўныя заняткі. Беларуская мова для школьнікаў, у якіх хаця б адзін з бацькоў размаўляе па-беларуску – сапраўдны школьны прадмет, за які дзеці атрымліваюць акадэмічныя балы, што пазней будуць залічвацца пры ўступе да гімназіі», – распавядае Зміцер Васэрман.
Шлях да стварэння такой магчымасці быў няпросты: трэба было пашырыць тлумачэнне правілаў і зняць абмежаванне па мінімальнай колькасці вучняў для адной школы. Акрамя таго, Асацыяцыя беларусаў Швецыі дапамагла знайсці настаўніцу беларускай мовы, што зʼяўляецца выклікам у невялікай беларускай дыяспары ў Швецыі.
«Швецыя ўсведамляе важнасць захавання нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў у якасці альтэрнатывы «рускаму міру», які нясе пагрозу ўсяму цывілізаванаму свету», – дадае Зміцер Васэрман.
@BelarusiSvet