«Па выніках афіцыйных лістоў, запытаў, перамоваў, сустрэч каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і офіса Святланы Ціханоўскай з міністэрствамі замежных спраў еўрапейскіх краін створана рабочая група па пытанні недапушчэння экстрадыцыі Андрэя Гнёта ў Беларусь», – паведаміў у тэлеграм-канале намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка.
Гэты факт, паводле яго слоў, быў пацверджаны, у прыватнасці, намеснікам міністра замежных спраў Польшчы Хенрыкай Масціцкай-Дэндзіс падчас двухбаковай сустрэчы ў Варшаве і «абмеркавання магчымых крокаў па адвакатаванні недапушчэння экстрадыцыі Андрэя Гнёта ў Беларусь».
НАУ атрымала адказ старшыні Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен на ліст з просьбай звярнуць увагу на сітуацыю з Гнётам. Акрамя таго, намеснік кіраўніка АПК паведаміў, што правёў «асобную сустрэчу» з гэтай нагоды з паслом Сербіі ў Польшчы.
Група, якая займаецца пытаннем экстрадыцыі Андрэя Гнёта, уключае прадстаўнікоў міністэрстваў замежных спраў, пасольстваў Польшчы, Германіі, Харватыі, Кіпра, Даніі, Чэхіі, Бельгіі і Аўстрыі.
Андрэй Гнёт быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года ў Сербіі на запыт Інтэрпола з-за абвінавачанняў па эканамічнай справе.
Андрэй Гнёт – беларускі журналіст, рэжысёр тэлерэкламы і музычных відэа, а таксама палітычны актывіст. Гнёта называюць сярод сузаснавальнікам «Свабоднага абʼяднання спартсменаў SOS BY», прызнаным у 2022 годзе «экстрэмісцкім фармаваннем».
Адвакат Гнёта лічыць яго пераслед з боку беларускіх уладаў і занясенне ў спіс Інтэрпола палітычна матываваным. 3 лістапада 2023 года адвакаты падалі запыт на выдаленне дадзеных, якія тычацца Андрэя Гнёта, у Камісію па кантролі файлаў Інтэрпола, а 20 снежня 2023 года быў накіраваны запыт аб прыняцці часовых мер у Еўрапейскі суд па правах чалавека з просьбай указаць ураду Сербіі не экстрадаваць мужчыну ў Беларусь.
вх