Беларуская Служба

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла: 25-га сакавіка стаўся нашым найвялікшым святам, нягледзячы на ўсе высілкі ўсходняга суседа, каб нас сцерці з паверхні Зямлі

25.03.2024 14:48
Старшыня Рады БНР звярнулася з святочным зваротам з нагоды 106-годдзя БНР.
Івонка Сурвілла віншуе беларусаў з Днём Волі.

Дарагія мае суродзічы, 106 гадоў таму – 25-га Сакавіка 1918 году – пасля стагоддзяў няволі, беларускі народ парваў ланцугі, у якіх яго трымала чужая імперыя, і абвясціў свету незалежнасць свае дзяржавы – Беларускай Народнай Рэспублікі.

Дзень 25-га сакавіка стаўся нашым найвялікшым святам, і, нягледзячы на ўсе высілкі ўсходняга суседа, каб нас сцерці з паверхні Зямлі, народ наш больш як сто гадоў змагаецца, каб адрадзіць свой вольны край. Натхнялі нас ідэалы 25-га Сакавіка. У вельмі неспрыяльных для нацыянальнага адраджэння варунках у Беларусі вырасла і выхавалася на ідэях БНР новае пакаленне беларускіх палітыкаў, якія здолелі ў сваю чаргу скарыстаць распад СССР і дасягнуць абвяшчэння 25 жніўня 1991 году незалежнасці краіны ў новым абліччы – Рэспублікі Беларусь.

На жаль, здабытая ў 1991 годзе дзяржаўная незалежнасць ізноў апынулася пад пагрозаю. Усталяваная з дапамогаю Масквы дыктатарская ўлада Лукашэнкі стварыла рэальную пагрозу існаванню ўжо не толькі дзяржаве, але і беларускай нацыі. Але беларускі народ змагаецца за сваю будучыню, што яскрава выявілася ў магутным уздыме 2020 году. Найбольш яскравым доказам таго ёсць факт, што наш асноўны дзяржаўны ворган – Рада БНР, захавалася да сёння.

Бальшавіцкая акупацыя прымусіла Раду БНР пакінуць краіну і выехаць у эміграцыю, але і на чужыне яна не спыніла сваю дзейнасць. На выгнанні Рада БНР захоўвае ідэалы БНР і да сёння трымае мандаты дзяржаўнае ўлады, атрыманыя ад Першага Усебеларускага Кангрэса. Такога ўзроўню паўнамоцтваў не меў і не мае пакуль ніводзін з урадаў Беларусі. Яны альбо прызначаліся пры саветах ці абіраліся ў выніку фармальных альбо сфальшаваных выбараў.

Рада БНР вітала абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь і магла б перадаць свае паўнамоцтвы ўраду Рэспублікі Беларусь, дзейнасць якога адпавядала б ідэалам БНР і гарантавала б незалежнасць нашага краю, але такога пакуль не сталася. У сувязі з гэтым Рада БНР павінна і надалей выконваць сваю ранейшую ролю.

Сёння Рада БНР стаіць побач з дэмакратычнымі нацыянальнымі сіламі, што змагаюцца з дыктатарскім рэжымам у Беларусі і дзейнічаюць для нацыянальных інтарэсаў Беларускага народу.

У адпаведнасці са сваімі паўнамоцтвамі і магчымасцямі Рада БНР удзельнічае ў гэтым змаганні, каб наблізіць той час, калі яна зможа перадаць свае паўнамоцтвы годнаму ўраду незалежнай дэмакратычнай Беларусі і тым самым забясьпечыць пераемнасць ідэі беларускай Незалежнасці на падставе Акта 25 сакавіка 1918 году.

Сёння заклікаю кожнага з Вас не забывацца пра наш родны край, і пра гераізм і ахвярнасць нашых продкаў, якія не раз ішлі паміраць, каб жыла Беларусь. Дзякуючы ім мы яшчэ маем край – які мы цяпер мусім бараніць, каб не пакінуць жабракамі – «SANS DOMICILE FIXE» – нашых дзяцей і ўнукаў.

Няма ў нас большага скарбу, як свая дзяржава. Не дайце ўзурпатару прадаць яе ворагам ды асіраціць Вас. Прыйшоў час, калі сапраўдным беларусам трэба забыцца пра ўсё тое, што іх дзеліць і аднавіць САЛІДАРНАСЦЬ, якая так моцна нам патрэбная, каб выжыць.

Мы разумны, здольны і добры народ. Сорам, што рэжым з нас зрабіў у вачах вольнага свету суагрэсараў суседняга краю, з якім мы стагоддзямі жывём у згодзе. Нашым абавязкам ёсць даказаць, што народ наш не хоча вайны! Адзінае, што мы жадаем, гэта жыць спакойна на нашай уласнай вольнай зямлі.

Дык віншую Вас усіх з нашым вялікім нацыянальным святам, мае дарагія суродзічы!
Памажы нам Божа! Жыве вольная і незалежная Беларуская Народная Рэспубліка!

Івонка Сурвілла
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Рада БНР заклікае маштабна адзначыць 100-годдзе Васіля Быкава

25.01.2024 16:01
19 чэрвеня 2024 году спаўняецца 100 гадоў з дня народзінаў Васіля Быкава – вялікага беларуса.

25 Сакавіка адзначаць не толькі беларусы, але і палякі, у тым ліку навуковая грамадскасць

22.03.2024 13:39
К 106-й гадавіне абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі польскімі і беларускімі вучонымі арганізаваны навуковы сімпозіум у Лондане.