Беларуская Служба

«Рэпарцёры без межаў» заклікаюць Еўропу падтрымаць беларускія СМІ

09.04.2024 17:45
Арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» заклікае еўрапейскія ўрады ўзмацніць падтрымку беларускіх СМІ ў выгнанні, якія па-ранейшаму знаходзяцца пад пагрозай.
.
.Foto: fom.coe.int

Паводле справаздачы, падрыхтаванай цэнтрам медыядаследаванняў The Fix і JX Fund, фондам падтрымкі журналістыкі ў выгнанні, створаным сумесна «Рэпарцёрамі без межаў» і фондамі Рудольфа Аўгштэйна і Шэпкліна, беларускія рэдакцыі і журналісты, якія працуюць цяпер у еўрапейскіх краінах, сутыкнуліся з сур'ёзнымі эканамічнымі праблемамі.

Даследчыкі прааналізавалі 69 беларускіх СМІ, рэдакцыі якіх былі вымушаныя збегчы з краіны ў выніку рэпрэсій, якія пачаліся пасля 2020 года. Пры гэтым выезд за мяжу не стаў гарантыяй бяспекі для журналістаў. Яны ўсё роўна падвяргаюцца пераследам з-за іх працы ў незалежных СМІ, якія ўрад называе «экстрэмісцкімі», напрыклад праз ціск на іх сваякоў, якія засталіся ў краіне.

У справаздачы зазначаецца, што незалежныя СМІ змаглі хутка адаптавацца, перайшоўшы да расследаванняў і асвятлення нацыянальных, а не рэгіянальных падзей, і развіваючы сацыяльныя сеткі, такія як Telegram (з агульнай колькасцю падпісчыкаў 1,3 мільёна ў 2023 годзе), YouTube (з агульнай колькасцю у 21 мільён праглядаў), а таксама Instagram і TikTok. Гэта атрымалася зрабіць дзякуючы фінансавай падтрымцы міжнародных донараў.

Арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» заклікала еўрапейскія ўрады падтрымаць фінансаванне беларускіх СМІ, якія вымушана ўцяклі з краіны і працуюць на эміграцыі:

«Рэпрэсіўная машына «найстарэйшай дыктатуры Еўропы» запрацавала на поўную моц пасля пратэстаў у жніўні 2020 года, выклікаўшы масавую міграцыю дысідэнтаў з Беларусі. Хоць іх сродкі масавай інфармацыі распрацавалі стратэгіі па пераадоленні праблем пасля вымушаных уцёкаў з краіны, эканамічныя цяжкасці пагражаюць іх выжыванню. Мы заклікаем еўрапейскія ўрады ўзмацніць падтрымку беларускіх журналістаў у выгнанні, каб захаваць каналы распаўсюджвання надзейных і важных навін і інфармацыі», - адзначыла Жанна Кавелье, кіраўніца кірунку Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі арганізацыі «Рэпарцёры без межаў».



Reform.by