Польшча афіцыйна далучылася да еўрапейскай ініцыятывы па стварэнні гігафабрык штучнага інтэлекту. Намеснік міністра лічбавых тэхналогій Дарыюш Стандэрскі паведаміў, што падпісаў ад імя краіны пагадненне Joint Procurement Agreement, якое адкрывае Польшчы шлях да ўдзелу ў агульнаеўрапейскім конкурсе на будаўніцтва магутных вылічальных цэнтраў для AI.
Цяпер Варшава рыхтуе пагадненне з Чэхіяй, мае падтрымку Літвы і вядзе перамовы з іншымі партнёрамі па ЕС. Праект будзе рэалізоўвацца пры ўдзеле прыватных кансорцыўмаў, а ўрад Польшчы гарантуе закупку часткі вылічальных магутнасцяў на працягу пяці гадоў.
Еўракамісія плануе фінансаваць сем AI-гігафабрык. Польшча прэтэндуе на праект сярэдняга маштабу. Вынікі конкурсу чакаюцца ў пачатку 2027 года, а запуск аб'ектаў запланаваны на 2028 год.
pap/эж