Беларуская Служба

Сабраныя падчас марафону салідарнасці «Нам не ўсё адно» сродкі размеркаваныя

22.05.2024 11:30
«Арганізацыі справіліся з гэтым выклікам», – заявіла прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы АПК Вольга Гарбунова.
ЕўраMabelAmber/pixabay.com/CC0 Public Domain

Усе сродкі, сабраныя падчас марафону салідарнасці «Нам не ўсё адно» былі размеркаваныя паміж фондамі, паведаміла прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Абʼяднанага пераходнага кабінета (АПК) Вольга Гарбунова.

«Гэта сапраўды быў і ёсць няпросты досвед. Многія думаюць, што марафон скончыўся даўно, але насамрэч ён толькі падыходзіць да канца. За гэты амаль год нам удалося ўкараніць сістэму Назіральнай рады, папрацаваць з вялікай колькасцю беларускіх арганізацый, разам прайсці ўсе юрыдычныя цяжкасці. Але галоўнае, сотні семʼяў палітзняволеных атрымалі дапамогу – і гэта ўсё дзякуючы беларусам і беларускам», – заявіла Вольга Гарбунова.

Паводле яе, зараз яшчэ пяці арганізацыям засталося прайсці фінальны аўдыт. У найбліжэйшы час Назіральная рада выйдзе з падрабязнай справаздачай аб правераных патрачаных сродках, сабраных падчас марафону.

Нагадваем, на марафоне сабралі 574 617 еўра. Пасля аплаты камісіі на рахунку засталося 545 740 еўра, у тым ліку 12 тысяч еўра ў крыптавалюце.

206 071,63 еўра – накіравалі ў фонд салідарнасці BY_help.

100 тысяч еўра для перадачы семʼям палітвязняў атрымаў фонд салідарнасці BySol, 60 тысяч еўра – дабрачынны фонд «Краіна для жыцця».

Па 40 тысяч еўра атрымалі – Беларуская асацыяцыя палітвязняў «Да волі» і «Анархічны чорны крыж – Беларусь».

Па 28 тысяч еўра атрымалі – Фонд дапамогі беларусам у Літве Razam і праваабарончая ініцыятыва дапамогі палітвязням Dissidentby.

Дабрачынная арганізацыя Littouwin Lions Club атрымала 15 тысяч еўра, падобным чынам, як Беларуская Рада культуры.

Па 5 тысяч еўра атрымалі: Медыяпраект дапамогі беларускім палітзняволеным жанчынам «Палітвязынка» і Фонд Медыцынскай Салідарнасці Беларусі.

аз