Беларуская Служба

У Гродне завочна судзяць удзельніка Плошчы-2010 Кіркевіча

08.07.2024 14:15
Алесю Кіркевічу завочна пагражае прысуд да 7 гадоў зняволення.
Алесь Кіркевіч Яраслаў Іванюк/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

8 ліпеня ў Гродзенскім абласным судзе пачаўся працэс над колішнім намеснікам старшыні «Маладога фронту», журналістам Алесем Кіркевічам. Былога палітвязня, які знаходзіцца за мяжой, судзяць завочна i вінавацяць у парушэнні частак 1 і 2 артыкулу 361–4 Крымінальнага кодэксa («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Алесь Кіркевіч сказаў «Свабодзе», што да пачатку суда не кантактаваў ні са следствам, ні з адвакатам і не ведае, у чым канкрэтна яго абвінавачваюць.

Паводле Кіркевіча, ён чакаў пераследу «ў той ці іншай форме», але вялікага інтарэсу да свайго суда не мае.

«На фоне судоў і сапраўды жорсткіх выракаў людзям, якія знаходзяцца ў Беларусі, гэты суд не здаецца мне важным», – сказаў Алесь Кіркевіч.

Ён не выключыў, што ціск на апазіцыянераў, якія выехалі за мяжу праз пагрозу рэпрэсій, працягнецца і пасля завочных судоў над імі.

«На перспектыву нас чакаюць не толькі новыя суды, але і масавае пазбаўленне грамадзянства, каб выкрасліць на ўсялякі выпадак гэтых людзей з палітычнага поля пры любым унутраным раскладзе ў Беларусі. Так кіроўная ўлада будзе спрабаваць зрабіць сабе «падушку бяспекі« на перспектыву. Асуджаны чалавек за межамі радзімы без грамадзянства – у іхным уяўленні нейтралізаваны», – мяркуе Алесь Кіркеівіч.

Алесь Кіркевіч былы палітвязень, у 2011 годзе ён быў асуджаны на 4 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за ўдзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў снежні 2010 года. Адбываў пакаранне ў наваполацкай папраўчай калоніі, быў вызвалены праз памілаванне.

Цяпер Кіркевічу завочна пагражае прысуд да 7 гадоў зняволення.

аз