Крысціна Рыхтэр пакідае пасаду дарадцы Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях, якую яна займала з канца снежня 2022 года. Ёй на змену прыходзіць Лявон Марозаў, – піша zerkalo.io.
Крысціна Рыхтэр называе сваё рашэнне аб пакіданне пасады «асабістым і абдуманым», а асноўнай прычынай для яго называе стомленасць:
«Зараз адчуваю, што прыйшоў час крыху запаволіць тэмп, каб засяродзіцца на сваім здароўі, стане ў цэлым, а таксама правесці больш часу з сям'ёй». Офіс Святланы Ціханоўскай на развітанне гаворыць пра Крысціну Рыхтэр цёплыя словы, падкрэсліваючы яе вялікую ролю ў стварэнні юрыдычнага аддзела і наладжванні яго эфектыўнай працы. Кандыдатуру свайго пераемніка Офісу, як сцвярджаецца, прапанавала яна сама.
Новым дарадцам Ціханоўскай па прававых пытаннях стаў Лявон Марозаў – юрыст, выкладчык і былы міжнародны сакратар Нацыянальнай моладзевай рады «РАДА».
Лявону Марозаву 36 гадоў, ён нарадзіўся ў Клімавічах Магілёўскай вобласці. Скончыў МІПСА па спецыяльнасці «міжнароднае публічнае права», пасля – магістратуру гэтай самай ВНУ. Пасля гэтага стаў выкладчыкам у родным універсітэце. Таксама выкладаў і ў Вʼетнаме.
У 2020 і 2022 гадах Лявон Марозаў стаў аўтарам альтэрнатыўных дакладаў па правах моладзі ў рамках універсальнага перыядычнага агляду ў Раду ААН па правах чалавека, а таксама альтэрнатыўнай справаздачы па правах моладзі ў Камітэт ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах. У якасці эксперта па правах чалавека працаваў у Ліване, Зімбабвэ, Філіпінах і ў дзясятку краін Еўрапейскага Саюза.
эж