Беларуская Служба

Дэмсілы вызначыліся, як доўга Ціханоўская будзе заставацца нацыянальным лідарам Беларусі

04.08.2024 12:48
Тры бакі зафіксавалі, што Святлана Ціханоўская перамагла на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года і выконвае ролю нацыянальнай лідаркі да правядзення сумленных і свабодных выбараў.
.
..

На канферэнцыі "Новая Беларусь 2024" прадстаўнікі дэмакратычных сіл падпісалі пратакол узаемадзеяння. Дакумент вызначае механіку адносін паміж Офісам Святланы Ціханоўскай, Аб'яднаным пераходным кабінетам і Каардынацыйнай радай. Адзін з яго пунктаў фіксуе статус Ціханоўскай у якасці нацыянальнай лідаркі Беларусі і ўстанаўлівае, як доўга яна будзе ў ім знаходзіцца.

З боку Офіса Святланы Ціханоўскай пратакол узаемадзеяння быў падпісаны палітычным дарадцам Аляксандрам Дабравольскім, сама палітык паставіла подпіс як кіраўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета, а ад імя Каардынацыйнай рады дакумент падпісала спікерка Анжаліка Мельнікава.

Дакумент фіксуе статус Святланы Ціханоўскай у якасці нацыянальнай лідаркі Беларусі і ўстанаўлівае, як доўга яна будзе знаходзіцца ў гэтай якасці.

— Гэта паставіць кропку на спекуляцыях пра тое, ці скончваецца мандат Ціханоўскай у 2025 годзе, — заявіла адна з распрацоўшчыц пратакола, кіраўніца кампаніі «Сумленныя людзі» Алена Жываглод. — Тры бакі зафіксавалі, што Святлана Ціханоўская перамагла на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года і выконвае ролю нацыянальнай лідаркі да правядзення сумленных і свабодных выбараў у Беларусі альбо да ўласнага рашэння спыніць сваю дзейнасць у якасці нацыянальнай лідаркі.

Таксама пратакол узаемадзеяння рэгулюе ўзаемаадносіны Офіса Ціханоўскай, Аб'яднанага пераходнага кабінета і Каардынацыйнай рады.

— Калі палажэнні гэтага пратакола ўступаюць у супярэчнасць з палажэннямі іншых дакументаў бакаў (статута Каардынацыйнай рады, рэгламента Аб'яднанага пераходнага кабінета ці Офіса Святланы Ціханоўскай), то пераважную сілу маюць палажэнні гэтага пратакола, — патлумачыла Алена Жываглод.

Люстэрка/ав