Беларуская Служба

Расійскі «Мемарыял» выказаў салідарнасць з беларускімі палітвязнямі

06.08.2024 17:31
Расійскі цэнтр абароны правоў чалавека «Мемарыял» памятае «пра сотні палітвязняў у Беларусі, якіх трымаюць у няволі, у тым ліку, за кошт супрацоўніцтва дзвюх дыктатур», гаворыцца ў заяве арганізацыі.
 ,
Алег Арлоў, кіраўнік расійскага праваабарончага цэнтру «Мемарыял»Фота: caucasianknot.com

Калі «з’явіліся навіны пра ўдзел Беларусі ў абмене» асуджанымі, у цэнтры «з заміраннем сэрца спадзяваліся, што на волі апынуцца <…> сябар з беларускай „Вясны“ Алесь Бяляцкі і лідар дэмакратычнага руху Марыя Калеснікава», аднак гэтага не адбылося.

«Мемарыял» выказаў салідарнасць з беларускімі палітвязнямі і іх блізкімі, а таксама падзяку ўсім, хто «ўдзельнічаў у вызваленні і выратаванні жыццяў палітвязняў», «падтрымлівае людзей, якія пакутуюць ад самавольства». Арганізацыя заклікала «не спыняць гэтую барацьбу і памятаць пра тых, каму вельмі патрэбная падтрымка, уключаючы <…> беларускіх палітвязняў».

Расійскі праваабарончы цэнтр 6 жніўня прыняў гэтую заяву ў сувязі з абменам зняволенымі, які 1 жніўня правялі Расія, ЗША і Германія. У рамках гэтага абмену Берліну быў перададзены грамадзянін ФРГ Рыка Крыгер, прыгавораны ў Беларусі да смяротнага пакарання і затым памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская заявіла, што дэмсілы не ведалі пра перамовы паміж ЗША і Расіяй і не ўдзельнічалі ў іх працэсе, каб паўплываць на іх вынікі і паспрабаваць уключыць у абмен каго-небудзь з беларускіх палітвязняў.

Сузаснавальнік фонду салідарнасці bysol Андрэй Стрыжак на канферэнцыі «Новая Беларусь» 4 жніўня ў Вільнюсе анансаваў хуткі пачатак працы Міжнароднага гуманітарнага фонду для палітычных зняволеных. Паводле яго слоў, у пытанні вызначэння таго, каго лічыць палітвязнямі, фонд будзе абапірацца на спісы «Вясны», праваабарончай ініцыятывы dissidentby, а таксама расійскага «Мемарыяла», які часам надае адпаведны статус беларускім грамадзянам, якія пераследуюцца ў РФ.

pozirk.online/вх