Беларуская Служба

Журналістa ўжо два месяцы трымаюць у ШІЗА

07.08.2024 09:13
Агулам асуджанага карэспандэнта «Новага Часу» больш за год трымаюць у адзіночнай камеры Гродзенскай турмы №1.
Мікалай Дзядокфота: «Новы час»

Пра гэта паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

23 жніўня Мікалай Дзядок — анархіст, публіцыст і сталы аўтар «Новага Часу» — адзначыць у гродзенскай вязніцы свой 36‑ы дзень нараджэння.

Крымінальная справа супраць Мікалая Дзядка была заведзеная ў лістападзе 2020 года. Пры затрыманні супрацоўнікі ГУБАЗіКа моцна збілі актывіста, выкарыстоўвалі пярцовы газ, а потым гвалтоўна прымусілі запісаць «пакаяльнае» відэа. У аддзяленні ГУБАЗіКа Міколу Дзядка жудасна катавалі.

10 лістапада 2021 года суддзя Анастасія Папко асудзіла журналіста на пяць гадоў пазбаўлення волі. Мужчына віну не прызнаў.

Упершыню Міколу Дзядка затрымалі 3 верасня 2010 года ў якасці падазраванага ў справе аб «нападзе на амбасаду Расійскай Федэрацыі», тады актывісту анархісцкага руху было 23 гады. У 2011 годзе Міколу асудзілі на 4,5 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сваёй віны актывіст не прызнаў, пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі адмовіўся. Але вызвалены ўказам Лукашэнкі аб памілаванні палітвязняў у жніўні 2015 года.

Пасля вызвалення Мікола адвучыўся на палітолага, супрацоўнічаў з газетай «Новы Час», актыўна вёў блог у Тэлеграме і канал на YouTube.

Мінулай восенню ў польскім выдавецтве Bractwo Trojka выйшла кніга Міколы Дзядка «Kolory świata równoległego» на польскай мове, за якую журналіст атрымаў прэмію імя Францішка Аляхновіча ў 2017 годзе.

Падтрымаць Міколу можна лістамі і тэлеграмамі: Турма № 1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1. Дзядок Мікалай Аляксандравіч.

яс/БАЖ