Гэта адно з нямногіх спартыўных мерапрыемстваў у Польшчы, маршрут якога праходзіць праз тыя ж месцы, дзе адбываліся гістарычныя падзеі.
Дырэктар забегу Шымон Собчак (Szymon Sobczak) адзначае, што забег ладзіцца для ўшанавання памяці пратэстуючых, а вынік мае другараднае значэнне.
— Важны перш за ўсё спартыўны аспект ушанавання памяці герояў «Чэрвеня ’56 года» у Познані. Так што мы пабяжым, але спакойна, без вар’яцкага спаборніцтва.
Удзельнікі прабягуць праз былы завод Гіпаліта Цэгельскага, ліцейны завод Фольксвагена і фабрыку чыгуначных транспартных сродкаў. Гэта тыя месцы, адкуль дзясяткі гадоў таму выйшлі пратэстуючыя рабочыя, аб чым нагадвае Марцін Голэк (Marcin Gołek), намеснік мэра Познані.
— На маю думку, вельмі патрэбныя такія формы ўшанавання памяці гістарычных падзей. Канешне, адбываюцца таксама іншыя мерапрыемствы, але патрэбны і такі, крыху больш лёгкі фармат. Гэта таксама добрая нагода, каб пашыраць веды аб «Чэрвені ’56», асабліва сярод малодшых пакаленняў.
Бегуны будуць спаборнічаць у забегах на 5 і 10 кіламетраў. У праграме таксама сямейныя і дзіцячыя забегі. Мерапрыемства пачнецца а 10:00.
У канцы чэрвеня 1956 года рабочыя заводаў, вадзіцелі трамваяў, студэнты і іншыя жыхары Познані выйшлі на дэманстрацыю з патрабаваннем правоў і годнасці для працоўных. Пратэст быў крывава задушаны, загінулі 58 чалавек.
IAR/нг