Беларуская Служба

Беларускі цяжкаатлет Яўген Ціханцоў стаў бронзавым прызёрам Алімпійскіх гульняў

11.08.2024 13:03
З Беларусі ў нейтральным статусе на Алімпійскіх гульнях у Парыжы выступалі 17 спартсменаў.
Беларускі цяжкаатлет Яўген Ціханцоў стаў бронзавым прызёрам Алімпійскіх гульняў PAP/EPA/MAST IRHAM

Беларускі цяжкаатлет Яўген Ціханцоў стаў бронзавым прызёрам у катэгорыі 102 кілаграмы на Алімпійскіх гульнях у Парыжы. Залаты медаль заваяваў кітаец Лю Хуанхуа (406 кг), срэбраны медаль - узбек Акбар Джураеў (404 кг). Вынік Ціханцова пасля двух практыкаванняў - 402 кілаграмы (183 кг і 219 кг), паведамляе «Свабода».

Тым часам іншым беларускім спартсменам, якія 10 жніўня прабіліся ў фінал спаборніцтваў, у выніку не ўдалося заваяваць медалі.

Уладзіслаў Кравец, які 10 жніўня выйшаў у фінал спаборніцтваў на дыстанцыі 1 000 метраў сярод байдарак-адзіночак, заняў чацвёртае месца, паказаўшы вынік 3 хвіліны 28,10 секунды. Ад бронзы Уладзіслава аддзялілі больш за дзве секунды. Золата выйграў чэх Ёзаф Достал.

Юлія Трушкіна ў фінале жаночых спаборніцтваў на дыстанцыі 200 метраў у веславанні на каноэ стала пятай, паказаўшы вынік 44,83 секунды.

Прадстаўнік Беларусі Магамедхабіб Кадзімагамедаў 10 жніўня саступіў альбанцу Чэрмену Валіеву ў суцяшальным турніры па вольнай барацьбе, у выніку чаго пазбавіўся шанцаў на бронзавы медаль і завяршыў свой выступ на Алімпійскіх гульнях.

У выніку беларускія атлеты заваявалі чатыры медалі на Алімпійскіх гульнях у Парыжы. Да гэтага залаты і срэбраны медалі заваявалі батутысты Іван Літвіновіч і Віялета Бардзілоўская, яшчэ адзін срэбраны медаль здабыў вясляр Яўген Залаты.



З Беларусі ў нейтральным статусе на Алімпійскіх гульнях у Парыжы выступалі 17 спартсменаў.

Папярэдні антырэкорд паводле колькасці заваяваных медалёў беларускія спартсмены паказалі на Алімпійскіх гульнях 2020 (яны прайшлі ў 2021 годзе праз пандэмію) у Токіа, заваяваўшы 7 медалёў: адзін залаты, тры срэбныя і тры бронзавыя.

Тады Беларусь прадстаўлялі 108 спартсменаў у 20 відах спорту. Яны выступалі пад афіцыйным сцягам, у Беларусі паказвалі трансляцыю Гульняў.

аз


Беларускі байдарачнік прабіўся ў паўфінал алімпійскага турніру

07.08.2024 17:49
Уладзіслаў Кравец паказаў другі час у першым заездзе байдарак-адзіночак на дыстанцыі 1 000 метраў.