Беларуская Служба

Чатырох латышоў, затрыманых у Беларусі за марыхуану, вызвалілі

12.08.2024 11:58
Грамадзяне суседняй краіны ўжо вярнуліся на радзіму, а ў справе «разабраліся».
Ілюстрацыяgoogle maps

У затрыманых 26 ліпеня грамадзян Латвіі не выяўлена «наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў і прэкурсораў, якія падлягаюць дзяржаўнаму кантролю ў Рэспубліцы Беларусь», заявіў у праграме «Галоўны этэр» на тэлеканале «Беларусь 1» намеснік начальніка ўпраўлення спецыяльных экспертыз упраўлення дзяржаўнага камітэту судовых экспертыз у Віцебскай вобласці Юры Казлоў.

Затрыманых, якія спачатку былі ў ізалятары часовага ўтрымання, а потым у адным з гатэляў пад падпіскай аб нявыездзе, вызвалілі, яны ўжо вярнуліся на радзіму. Выпадак з латышамі выкарыстаў для сваёй прапаганды Аляксандр Лукашэнка, які згадаў выпадак у час сваёй паездкі ў Прудок на Мазыршчыне, піша Свабода.

Пра затрыманне ў Беларусі чацвярых маладзёнаў з Латвіі, у машыне якіх была нібыта знойдзена марыхуана, паведаміў 29 ліпеня партал Delfi са спасылкай на агенцтва LETA.

У сувязі з інцыдэнтам МЗС Латвіі паўтарыў настойлівую рэкамендацыю для сваіх грамадзянаў устрымацца ад паездак у Беларусь.

На думку ведамства, падарожнікі могуць натрапіць на правакацыі беларускіх спецслужбаў, быць ілжыва абвінавачанымі ў парушэнні беларускага заканадаўства і арыштаваныя. Магчымасці Латвіі па аказанні дапамогі такім людзям «вельмі абмежаваныя», гаварылася ў звароце МЗС.

Міністэрства таксама заклікала не здзяйсняць паездак у Расію.

Свабода/ав