Беларуская Служба

Лукашысты палохаюць правакацыямі з боку Украіны

16.08.2024 12:13
Міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў пра «высокую верагоднасць узброеных правакацый з боку Украіны».
Ілюстрацыйны здымакhttps://t.me/pul_1

Лукашэнка склікаў з сілавікамі нараду па ваеннай бяспецы. «Для прадухілення верагодных паскудстваў адносна Беларусі ў краіны ёсць усё неабходнае», заявіў на сустрэчы беларускі ўзурпатар.

Лукашэнка цікавіўся ў першую чаргу ваеннай абстаноўкай на мяжы з Украінай: «Пасля падзей з гэтымі беспілотнікамі мы ўзмацнілі кантроль на беларуска-ўкраінскай граніцы. Больш за тое, мы вывелі туды часткі нашага войска. Якая зараз абстаноўка на мяжы, ці ўсе падраздзяленні выведзены ў раён канцэнтрацыі войск на непрадбачаны выпадак? Матэрыялы я атрымаў, карта ў мяне адпаведная есць. Я прашу далажыць не толькі абстаноўку, але і развіццё сітуацыі, вашыя прапановы, што будзем рабіць тут далей».

 Лукашэнкаўскі міністр абароны генерал Віктар Хрэнін заявіў аб высокай верагоднасці ўзброеных правакацый з боку Украіны.

 «Становішча на паўднёвым аперацыйным кірунку застаецца напружаным. Фарміравання Узброеных сіл і пагранічнай службы Украіны працягваюць удасканаленне сістэмы аховы мяжы і элементаў масіраванай абароны. На ўсіх участках уздоўж дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь адзначаецца актыўная дзейнасць падраздзяленняў сіл спецыяльных аперацый і Службы бяспекі Украіны, - паведаміў Хрэнін.

Міністр абароны таксама далажыў, што з украінскага боку бесперапынна вядзецца разведка, для чаго актыўна выкарыстоўваюцца беспілотныя лятальныя апараты, у тым ліку са спробамі парушэння паветранай прасторы Беларусі.

«Ва ўмовах прысутнасці ўкраінскіх узброеных фарміраванняў у прыгранічных раёнах захоўваецца высокая верагоднасць падрыхтоўкі і правядзення на нашай тэрыторыі ўзброеных правакацый, а таксама рэзанансных акцый, у тым ліку з задзейнічаннем беларускіх нацыяналістычных фарміраванняў», - заявіў кіраўнік ваеннага ведамства.

Крыніца: Міністэрства абароны РБ\юл