Беларуская Служба

Прафсаюзнай актывістцы Вользе Брыцікавай з «Нафтана», якую ўжо асудзілі на 3 гады, прыдумалі яшчэ тры крымінальныя справы

20.08.2024 11:04
Вольга адпрацавала на прадпрыемстве «Нафтан» 16 гадоў, але была звольнена праз выказванне сваёй пазіцыі.
 .
Вольга Брыцікава.Фота: "Вестник Нафтана"

У Віцебскім абласным судзе 20 жніўня распачаўся другі суд над былой старшынёй незалежнага прафсаюза «Нафтан» з Наваполацка, якую ў красавіку асудзілі да трох гадоў калоніі, - паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Гэтым разам жанчыну абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці),

ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы),

ч. 3 арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).

Справу разглядае суддзя Яўген Буруноў.

Вольга адпрацавала на прадпрыемстве «Нафтан» 16 гадоў, але была звольнена праз выказванне сваёй пазіцыі. Палітзняволеную шмат разоў затрымлівалі за выказванні супраць вайны і распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Цягам 2022 года яна правяла ў зняволенні 105 сутак, з іх — 75 запар.

Віцебскі абласны суд 8 красавіка ў закрытым рэжыме асудзіў Вольгу да трох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Актывістку абвінавацілі ў «распальванні іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы» паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса. Такі прысуд агучыла суддзя Галіна Бондал.

11 чэрвеня судовая калегія Вярхоўнага суда пад старшынствам Уладзіміра Чаравача разгледзела апеляцыйную скаргу Вольгі і пакінула яе без задавальнення, а прысуд без зменаў.

Напрыканцы чэрвеня Вольгу з СІЗА этапавалі ў гомельскую жаночую калонію № 4, але  перад чарговым судом яе зноў перавялі ў віцебскі СІЗА-2.

эж