Беларуская Служба

За два гады колькасць грамадзян Літвы, якія наведалі Беларусь, скарацілася ў пяць разоў

02.09.2024 15:25
Пералом адбыўся ў сакавіку гэтага года, калі Літва закрыла яшчэ два міжнародныя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю.
Беларуская мяжаФота: gpk.gov.by

Колькасць грамадзян Літвы, якія наведалі Беларусь, за два гады скарацілася ў пяць разоў, паведаміла ў панядзелак Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

У жніўні гэтага года грамадзяне Літвы з'ездзілі ў Беларусь 10 тысяч разоў. У жніўні 2022 года гэты паказчык складаў 50 тыс. разоў, а ў жніўні мінулага года - 33 тыс. разоў.

Паводле даных Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, у жніўні гэтага года грамадзяне Літвы перасякалі граніцу з Беларуссю праз пункты пагранічнага кантролю 10 020 разоў. Некаторыя з іх з'ездзілі туды не адзін раз, бо колькасць так званых унікальных выездаў склала 7 тыс. 358.

У красавіку 2022 года Беларусь у прапагандысцкіх мэтах увяла так званы бязвізавы рэжым для грамадзян Літвы. Некаторыя з іх, асабліва жыхары прымежных з Беларуссю раёнаў, сталі часцей ездзіць у суседнюю краіну.

Найбольшая колькасць паездак у Беларусь за гэты перыяд была зафіксавана ў ліпені 2022 года. У гэтым месяцы грамадзяне Літвы перасеклі мяжу з Беларуссю 56 тыс. 48 разоў. Пазней гэты лік стаў зніжацца. Напрыклад, у студзені мінулага года было зафіксавана 36 тыс. 379 перасячэнняў мяжы, а ў снежні - 16 тыс. 930.

"Пералом адбыўся ў сакавіку гэтага года, калі Літва закрыла яшчэ два міжнародныя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю - "Райгардас" і "Лаварышкес". У жніўні 2023 года была прыпынена работа пунктаў пропуску "Цвярачук" і "Шумскас", - паведаміў літоўскі бок.

Як і іншыя літоўскія ведамствы, Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы папярэдзіла грамадзян аб небяспецы паездак у Беларусь. Спецслужбы папярэджваюць грамадзян Літвы аб тым, што падчас паездкі ў суседнюю краіну іх могуць паспрабаваць вербаваць варожыя спецслужбы.

lrt.lt/ав