Беларуская Служба

Перавозчыкі прапануюць увесці ў Беларусі «чорныя спісы» пасажыраў

04.09.2024 11:23
Па словах перавозчыкаў, некаторыя пасажыры сваімі паводзінамі ледзь не зрываюць рэйсы, паколькі падчас іх паводзяць сябе неадэкватна. 
.
.Marie Sjödin/Pixabay/C00

Міжрэгіянальная асацыяцыя перавозчыкаў прапануе стварыць у Беларусі «чорныя спісы» пасажыраў. У іх могуць трапіць дэбашыры і тыя, хто браніруе квіток, але рэгулярна не прыходзіць на пасадку, паведамляецца на сайце асацыяцыі, піша Наша Ніва.

Сёння стварэнне «чорнага спісу» перавозчыкам або сістэмай па продажы квіткоў незаконнае. Калі квіток ёсць у продажы, то адмовіць каму-небудзь у ягонай куплі нельга.

Пры гэтым пасажыр абавязаны не ствараць нязручнасцяў іншым пасажырам і кіроўцу, адцягваць увагу апошняга ад кіравання транспартам.

Аднак, па словах перавозчыкаў, некаторыя пасажыры сваімі паводзінамі ледзь не зрываюць рэйсы, паколькі падчас іх паводзяць сябе неадэкватна. Праблему ствараюць і такія пасажыры, якія праз дыстанцыйныя сэрвісы браніруюць квіткі, але пасля на замоўленыя рэйсы не з'яўляюцца.

Перавозчыкі звяртаюць увагу, што ў абноўленым Паветраным кодэксе Беларусі замацавана палажэнне, згодна з якім авіяперавозчыкам дадзена права на фарміраванне рэестра асоб, паветраная перавозка якіх абмежаваная. Калі пасажыр дэбашырыў на борце, напрыклад, піў, распускаў рукі, не прыслухоўваўся да заўваг экіпажа і быў за гэта прыцягнуты да адказнасці, то авіякампанія мае права адмовіць яму ў набыцці квітка ў будучыні. І ў «чорным спісе» ён будзе знаходзіцца датуль, пакуль звесткі пра яго не выключаць з Адзінага дзяржаўнага банка звестак аб правапарушэннях.

Міжрэгіянальная асацыяцыя перавозчыкаў лічыць, што варта разгледзець ўкараненне падобных падыходаў і ў наземных перавозках пасажыраў. Гэта дазволіць павысіць узровень камфорту і палепшыць бяспеку.

НН/ав