50-метровую паласу ўздоўж мяжы з Беларуссю плануецца выключыць з зоны адчужэння Чарнобыльскай АЭС і перадаць у сталае карыстанне Дзяржаўнай памежнай службе Украіны (ДПСУ). Гэта вынікае з інфармацыі МУС краіны, якое паведаміла аб падрыхтоўцы ўрадам адпаведнага праекта ўказа прэзідэнта.
Згаданы ўчастак знаходзіцца ў межах зоны адчужэння і зоны абавязковага адсялення ва ўласнасці Чарнобыльскага радыяцыйна-экалагічнага біясфернага запаведніка, нагадвае «Позірк».
МУС лічыць, што рэалізацыя названага акта дазволіць ДПСУ забяспечыць належную ахову і абарону ўкраінска-беларускай мяжы, захаванне памежнага рэжыму.
3 верасня спікер ДПСУ Андрэй Дземчанка заявіў на брыфінгу, што «правакацыйных дзеянняў або нестандартных сітуацый», а таксама «значных перасоўванняў тэхнікі або вайскоўцаў» паблізу мяжы з боку Беларусі не назіраецца.
Паводле яго слоў, украінскія сілы абароны «цалкам кантралююць дзяржаўную мяжу з Беларуссю».
На пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года расійскія акупацыйныя войскі занялі Чарнобыльскую АЭС, дзе знаходзіліся да канца сакавіка, пасля чаго адступілі пад націскам украінскіх сіл абароны.
аз