Сродкі, сабраныя на анлайн-марафоне салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі «Нам не ўсё адно!», размеркаваны ў поўным аб'ёме і ў адпаведнасці з заяўленай мэтай.
Усе арганізацыі, якія сталі партнёрамі марафону, паспяхова прайшлі аўдыт Назіральнай рады марафону. Нагадаем, што раней фонд “21 мая”, які акумуляваў і размяркоўваў сабраныя на марафоне сродкі, таксама паспяхова прайшоў праверку.
КОЛЬКІ ГРОШАЙ САБРАЎ МАРАФОН?
563 101,99 еўра – агульная сума прыходу з картак праз Stripe і PayPal. Камісія Stripe і PayPal склала 17 161,77 еўра. Яшчэ 200 еўра з сумы былі адкліканы людзьмі, якія зрабілі данаты (такуюмагчымасць дае Stripe).
Марафон дапамог больш чым 900 палітзняволеным.
Кантролем размеркавання сабраных ахвяраванняў займалася спецыяльна створаная Назіральная рада, у якую ўвайшлі прадстаўнікі медыя, арганізатары марафону.
ЦІКАВЫЯ ФАКТЫ ПРА МАРАФОН
У зборы сродкаў паўдзельнічала больш за 11 000 чалавек, якія здзейснілі 14 655 ахвяраванняў. Частым ахвяраваннем была сума ў 23.34 еўра, як напамін аб адміністрацыйным артыкуле, па якім часта затрымлівалі беларусаў. 29 ліпеня ахвяраванні прыходзілі кожныя 4 секунды, 30 ліпеня кожныя 20-30 секунд.
Ахвяраванні былі зроблены з 86 краін свету. Топ 5 краін па суме ахвяраванняў: Польшча, ЗША, Літва, Германія, Вялікабрытанія.
РЭАКЦЫЯ РЭЖЫМУ
29 жніўня 2023 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў відэазапісы марафону салідарнасці экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адпаведныя запісы былі размешчаны ў спісе Міністэрства інфармацыі.
3 кастрычніка 2023 года сілавымі органамі была ўзбуджана крымінальная справа ў дачыненні да арганізатараў і ўдзельнікаў прамой трансляцыі марафону. Справа ўзбуджана па ч. 2 арт. 361-2 КК Рэспублікі Беларусь (за фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці). Падазраванымі з'яўляюцца каля 60 чалавек з ліку ўдзельнікаў і арганізатараў марафону.
ШТО ТАКОЕ АНЛАЙН-МАРАФОН САЛІДАРНАСЦІ “НАМ НЕ ЎСЁ АДНО!”?
Гэта маштабная акцыя па зборы сродкаў для беларускіх палітзняволеных і іх сем'яў, якая працягвалася з 29 ліпеня па 30 ліпеня 2023 года.
Марафон ініцыяваны прадстаўніцай па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Вольгай Гарбуновай. Яна заснавала фонд “21 мая! ("Gegužės 21") і са сваёй камандай правяла арганізацыйную працу па распрацоўцы канцэпцыі, пошуку партнёраў і плацежных інструментаў. Фонд “21 мая” стаў адзіным кашальком, які прымаў грошы і размяркоўваў іх паміж фондамі і арганізацыямі-партнёрамі.
Партнёрамі марафона выступілі беларускія незалежныя СМІ і праваабарончыя арганізацыі. СМІ адказвалі за правядзенне марафону, праваабарончыя арганізацыі – за размеркаванне сабраных сродкаў.
Вольга Гарбунова: “Мы зрабілі ўсё настолькі празрыста, наколькі гэта магчыма. Людзі аб’ядналіся ў салідарнасці – і гэта самае каштоўнае. Нам не ўсё адно, пакуль у Беларусі ёсць хоць адзін палітзняволены ці палітзняволеная”.
паводле прэс-рэлізу/ав