Святлана Ціханоўская пачала ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі з дыскусіі «Беларусь пасля выбараў 2025: каталізатар пераменаў або пешка ў чужой гульні?» Панэль сабрала ўплывовых еўрапейскіх палітыкаў, дыпламатаў і экспертаў, якія аналізавалі будучыню Беларусі ў зменлівым геапалітычным кантэксце, паведамляецца на сайце Святланы Ціханоўскай.
Удзельнікі дыскусіі ўзнялі пытанне: «Ці варта разглядаць Беларусь праз прызму рэгіянальнай бяспекі?» і «Якім можа быць шлях да дэмакратычных перамен і як Захад можа дапамагчы?»
Падчас фінальнай прамовы беларуская лідарка падсумавала:
«Нам патрэбны стабільны і справядлівы свет. Гэта магчыма толькі тады, калі Беларусь стане суверэннай і дэмакратычнай краінай. Для гэтага мы павінны аслабіць уплыў Расіі і яе хватку на нашай тэрыторыі. Мы патрабуем, каб расійскія войскі былі выведзеныя не толькі з Украіны, але і з нашай зямлі. Беларусь павінна дэмакратызавацца. Пакуль дыктатар непадсправаздачны свайму народу, ён будзе працягваць служыць Пуціну і разменьваць беларускі суверэнітэт на палітычнае выжыванне. Толькі сапраўдны палітычны пераход, праз свабодныя і сумленныя выбары, можа гарантаваць захаванне беларускага суверэнітэту і трываласці міру».
Ціханоўская падкрэсліла, што беларусы павінны змагацца за права на самастойнае вызначэнне будучыні – і адзначыла важнасць міжнароднай падтрымкі ў гэтым працэсе. Яна заклікала да актыўнага ўдзелу Захаду ў падтрыманні дэмакратычных пераменаў у Беларусі і забеспячэнні бяспекі ў рэгіёне.
Ціханоўская зазначыла таксама, што калі Украіна будзе вымушаная пайсці на саступкі, гэта падбадзёрыць Лукашэнку і Пуціна.
«Гэта дасць ім яшчэ больш магчымасцяў узмацніць кантроль над Беларуссю. Але калі мір будзе забяспечаны на ўмовах Украіны, гэта аслабіць дыктатараў і створыць новыя магчымасці для Беларусі», — падкрэсліла лідар беларускіх дэмакратычных сіл.
Бліжэйшыя тыдні і месяцы будуць вырашальнымі, заявіла Святлана Ціханоўская падчас дыскусіі па Беларусі на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы 14 лютага.
яс