Аналітык Украінскага інстытута будучыні палітолаг Ігар Тышкевіч мяркуе, што Аляксандр Лукашэнка можа рыхтавацца да зыходу з палітыкі. На працягу двух бліжэйшых гадоў у яго будзе такая магчымасць, з захаваннем бяспекі яго асабіста і ягонага акружэння.
— Здавалася б, Лукашэнка ў 2025 годзе ўмацаваў свае пазіцыі. Гэта на першы погляд. З іншага боку, ёсць фактар непрымання яго асабіста некаторымі сусветнымі палітыкамі, жадання успомніць 2022 і 2020. Уласнае здароўе. І, нарэшце, фактар Расіі, якая можа палічыць яго лішнім.
Але ў такой сітуацыі з’явіўся «праменьчык надзеі», які можа стаць «акном магчымасцяў» для беларусаў па транзіце ўлады, — мяркуе Тышкевіч.
Больш за тое, транзіт улады непазбежны. На думку палітолага, Лукашэнка не «дасядзіць» да канца свайго тэрміну паўнамоцтваў.
У канцы 2025 года ці, верагодней за ўсё, у 2026 для Лукашэнкі створацца ўнікальныя магчымасці, якія дазваляюць «сысці з высока паднятай галавой» ды яшчэ і з гарантыямі для сябе, свайго бізнесу. З іншага боку, Лукашэнка любіць уладу і баіцца яе страціць. Таму выпусціць шанец ён можа. Тады транзіт усё роўна будзе, але, магчыма, па вельмі жорсткім сцэнарыі.