Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская заклікала ў Мюнхене дапамагчы Беларусі вярнуцца ў еўрапейскую сям’ю

16.02.2025 17:05
Просьба аб дапамозе ў аднаўленні дэмакратыі ў Беларусі — гэта апошнія словы, якія прагучалі падчас афіцыйных выступаў перад закрыццём Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.
 ,           .
Святлана Ціханоўская, міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі і генерал Келаг у Мюнхене. Фота: Офіс С. Ціханоўскай

Беларуская апазіцыянерка працытавала ўкраінскага прэзідэнта, які ў Мюнхене заявіў, што мяжа Еўропы — гэта ўсходняя мяжа Беларусі. «Не выключайце Беларусь, не будуйце новую жалезную заслону паміж Еўропай і маёй краінай. Дапамажыце мне вярнуць Беларусь у яе сапраўдную сям'ю еўрапейскіх краін. Тады я буду шчаслівая і мой народ будзе шчаслівы», — сказала Святлана Ціханоўская. Яна таксама звярнулася да жыхароў дэмакратычных краін цаніць тое, што яны маюць. «Беларусь, якую я хачу, — гэта еўрапейская краіна без палітвязняў, без тыраніі. Дзе я змагу атрымліваць асалоду ад дэмакратыі і толькі яе ўмацоўваць», — дадала яна.

Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Мюнхене з генералам Кітам Келагам, які ў адміністрацыі прэзідэнта Трампа прызначаны спецпасланнікам ЗША па пытаннях Украіны і Расіі. Генерал адказвае, сярод іншага, за пытанні мірных перамоў па Украіне.

Лідарка дэмакратычных сілаў адзначыла паспяховае вызваленне трох закладнікаў з турмы, у тым ліку двух палітычных зняволеных, і падзякавала адміністрацыі Трампа за падтрымку і каардынацыю ў гэтым пытанні.

Падчас сустрэчы абмяркоўвалася магчымасць прызначэння спецпасланніка па Беларусі, а таксама важнасць уключэння беларускага пытання ў перамовы па Украіне.

Офіс С. Ціханоўскай/iar

нг