Паводле новай штогадовай справаздачы Стакгольмскага міжнароднага інстытута даследавання праблем міру (SIPRI), Беларусь выбыла са спісу 25 найбуйнейшых сусветных экспарцёраў узбраення.
Калі ў мінулым годзе SIPRI ацэньваў долю Беларусі ў сусветным экспарце зброі на ўзроўні 0,2% (паводле даных за 2019–2023 гады), то сёлета, паводле справаздачы за 2020–2024 гады, краіна ў гэтым рэйтынгу больш не фігуруе, паведамляе выданне Reform.news. Пры гэтым Беларусь згадваецца толькі адзін раз – у кантэксце паставак з Расіі.
Згодна з дадзенымі інстытута, 74% расійскага экспарту зброі ў 2020–2024 гадах накіроўвалася ў краіны Азіі і Акіяніі, 12% – у Афрыку, 7,4% – у Еўропу (у тым ліку ў Беларусь, Арменію і Сербію), 6,4% – на Блізкі Усход. Асноўнымі імпарцёрамі расійскай зброі за гэты перыяд сталі Індыя (38%), Кітай (17%) і Казахстан (11%).
У гэты ж час, адзначае выданне, Беларусь атрымала значную колькасць расійскага ўзбраення. Паведамлялася, што на тэрыторыі краіны з’явіліся зенітна-ракетныя комплексы С-400, аператыўна-тактычныя ракетныя комплексы «Іскандэр», верталёты Мі-35, знішчальнікі Су-30 і іншая тэхніка.
Сярод буйнейшых сусветных экспарцёраў зброі за 2020–2024 гады SIPRI называе ЗША (43% сусветнага рынку), Францыю (9,6%) і Расію (7,8%). Галоўнымі імпарцёрамі за гэты ж перыяд сталі Украіна (8,8%), Індыя (8,3%) і Катар (6,8%).
Асобна падкрэсліваецца, што пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе як мінімум 35 дзяржаў пастаўлялі ўзбраенне ўкраінскаму боку. Найбуйнейшымі пастаўшчыкамі зброі для Украіны сталі ЗША (45% паставак), Германія (12%) і Польшча (11%).
вс