Беларуская Служба

Міністэрства інфармацыі Беларусі абнавіла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў

10.03.2025 17:45
Сярод іншых рэсурсаў у яго дадалі новы сайт «Ганцавіцкага часу».
Цэнзураstevepb/pixabay.com/CC0 Public Domain

Міністэрства інфармацыі Беларусі 10 сакавіка абнавіла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Сярод іншых рэсурсаў у яго дадалі новы сайт «Ганцавіцкага часу» (ён быў створаны пасля таго, як у выдання забралі беларускі дамен), а таксама кнігу журналіста Віктара Хурсіка, які пайшоў з жыцця ў 2023 годзе. 

Рашэннем суда Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ад 7 сакавіка 2025 года «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» быў прызнаны сайт рэгіянальнага незалежнага выдання «Ганцавіцкі час» — ganc-chas.com, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. 

Раней сайт газеты быў у даменнай зоне .by — www.ganc-chas.by. Яго прызналі «экстрэмісцкім» яшчэ 3 лістапада 2023 года. У красавіку 2024 года беларускі дамен «Ганцавіцкага часу» быў ануляваны паводле загаду Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Сайт пераехаў на новы адрас ganc-chas.com. 

«Ганцавіцкі час» быў заснаваны ў 2002 годзе. Газета спыніла выхад 1 студзеня 2022 года, калі Брэсцкая і іншыя друкарні адмовіліся яе выпускаць. Рэдакцыя працягнула працу анлайн. 

Таксама ў «экстрэмісцкі спіс» унеслі друкаванае выданне «Кроў і попел Дражна. Адпаведнае рашэнне прыняў суд Цэнтральнага раёна Мінска 6 сакавіка 2025 года. 

Кніга распавядае пра лёс 25 мірных жыхароў, забітых у 1943 годзе партызанамі савецкага атраду ў вёсцы Дражна Старадарожскага раёна. 

Аўтар кнігі — журналіст газеты «Звязда», пісьменнік і выдавец Віктар Хурсік. Ён памёр на 70‑м годзе жыцця ў студзені 2023 года. 

У маі 2008 года Віктар Хурсік быў асуджаны да 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел ва ўсталяванні ў вёсцы Дражна крыжа на знак памяці пра ахвяр той трагедыі.

вс