61-гадовы ўраджэнец украінскага Барыспаля – адна з самых загадкавых фігур у атачэнні Аляксандра Лукашэнкі. Ён трымаецца ў цені і не дае інтэрв’ю. Варабей уваходзіць у топ-3 паспяховых бізнесменаў Беларусі з актывамі ў паліўнай і лагістычнай галінах. Яго называюць «нафтавым кашальком» Лукашэнкі - паведамляе Biuromedia. Варабей знаходзіцца пад санкцыямі ЕС са снежня 2020 года і пад санкцыямі ЗША – са жніўня 2021 года.
Для абыходу заходніх абмежаванняў бізнесмен выкарыстоўвае раней не засвечаныя фірмы, аформленыя на давераных асоб. Адна з ключавых кампаній у дзейнай сетцы Вараб’я – «Лагістык Энерджы», офіс якой знаходзіцца на тусовачнай вуліцы Зыбіцкай у Мінску.
Уладальніца «Лагістык Энерджы» – Нэлі Малярова. У 2016 годзе яна працавала ў кампаніі «Інтэрсэрвіс», а з 2019 па 2021 год – у «БелКазТранс». Абедзве структуры падкантрольныя Мікалаю Вараб’ю і знаходзяцца пад санкцыямі ЗША.
«Лагістык Энерджы» займаецца чыгуначнымі пастаўкамі беларускіх нафтапрадуктаў. Раней Беларусь накіроўвала паліва ва Украіну і краіны ЕС наўпрост. Але вайна і санкцыі парушылі традыцыйныя лагістычныя маршруты. Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў пайшоў праз расійскія парты. «Лагістык Энерджы» – важны пастаўшчык на новым напрамку.
Згодна з дадзенымі Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі, летась кампанія вазіла бензін, дызельнае паліва, мазут і газойль у парты Ленінградскай вобласці. «Лагістык Энерджы» перавезла ў Расію больш за 19 тысяч цыстэрнаў больш як з 1,2 мільёна тон нафтапрадуктаў. На яе прыпала прыкладна чвэрць ад усіх паставак з Беларусі ў Расію. Болей пастаўляў толькі Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод – каля 65% усіх паліўных перавозак.
Акрамя нафтапрадуктаў, «Лагістык Энерджы» займаецца чыгуначнымі перавозкамі каменнага вугалю. За дзевяць месяцаў мінулага года кампанія перавезла ў Польшчу, Літву і Латвію больш як 1,7 тысячы вагонаў больш чым са 115 тысячамі тон вугалю з Казахстана. На экспедытара прыпала болей за 40% усіх транзітных перавозак.
Раней Варабей займаўся пастаўкамі нафтапрадуктаў і вугалю праз «Новую нафтавую кампанію» і «БелКазТранс», але яны падпалі пад санкцыі ЕС і ЗША.
Новы перавозчык «Лагістык Энерджы» будуе порт у Мурманскай вобласці, каб перагружаць там калійныя ўгнаенні і нафтапрадукты з Беларусі. Аб’ём інвестыцый не раскрываецца. У 2023 годзе выручка «Лагістык Энерджы» склала больш як 71 мільён рублёў, што на 78% ніжэй за паказчык 2022 года. Аднак чысты прыбытак у пазамінулым годзе павялічыўся на 68% – да 35 мільёнаў рублёў. Фінансавыя паказчыкі за 2024 год пакуль не апублікаваныя.
«Лагістык Энерджы» – не адзіная новая кампанія з арбіты Мікалая Вараб’я. «Бюро» выявіла яшчэ адну фірму з паліўнай сферы – полацкі «ЛэндРэсурс». Згодна з мытнымі дадзенымі, кампанія імпартавала ў Беларусь расійскую нафту – больш за 6,2 мільёна тон у 2021 годзе, больш за 3,8 мільёна тон у 2022 годзе.
Адзіны ўладальнік «ЛэндРэсурса» – Сяргей Анцэн. Ён доўгі час працаваў у кампаніі «Інтэрсэрвіс», падкантрольнай Мікалаю Вараб’ю. Сам Варабей значыўся дарадцам дырэктара па развіцці знешнеэканамічных сувязяў «ЛэндРэсурса». Фінансавыя паказчыкі «ЛэндРесурса» засакрэчаныя беларускім урадам.
нг